Больш за 70 студэнтаў на байдарках здзейснілі водны паход па Браслаўскіх азёрах

В свободное время Спорт и здоровье
Водныя прасторы Браслаўшчыны прыцягваюць да сябе аматараў сплаваў. Вось і з 11 па 17 чэрвеня нашы азёры і рэкі пакаралі студэнты Інстытута турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і прадстаўнікі Латвійскай акадэміі спартыўнай педагогікі.

Кожны год студэнты 2 курса Інстытута турызму адпраўляюцца ў водны паход. Для іх гэта не забава, а вучэбная практыка. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел больш за 70 чалавек, якія пад кіраўніцтвам выкладчыкаў на 27 байдарках пераадолелі водны маршрут па азёрах Снуды, Струста, Дрывяты і фінішыравалі ў сваім спартыўна-аздараўленчым лагеры «Чайка».

— Гэта наш дзясяты, юбілейны, паход. У падарожжа па браслаўскіх азёрах мы адпраўляемся заўсёды з задавальненнем, рыхтуемся да яго грунтоўна. У праграму звычайна ўключаюцца і пешыя экскурсіі па нацыянальным парку, спаборніцтвы, творчыя сустрэчы і прэзентацыя нашай установы, — расказвае кіраўнік турыстычнай групы Аляксандр Анісін. — Сёлета да нас далучыліся яшчэ і прадстаўнікі Латвійскай акадэміі спартыўнай педагогікі, з якімі мы падтрымліваем сяброўскія стасункі і не першы раз сустракаемся на браслаўскай зямлі.

Пасля воднага паходу па азёрах студэнты і госці з Латвіі адправіліся ў сумесны міжнародны сплаў, які стартаваў ў Друі і скончыўся ў Даўгаўпілсе.

Акрамя гэтага, у апошнія дні практыкі ў госці да сябе студэнты запрасілі мясцовых школьнікаў, якім расказалі пра сваю навучальную ўстанову, а таксама правялі сяброўскую сустрэчу па футболе. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *