У Браславе правялі квэст для школьнікаў

Год малой родины Отдых

Гарадское краязнаўчае арыеціраванне арганізаваў для падлеткаў Браслаўскі цэнтр дзяцей і моладзі.

Карысна і цікава прайшла адна з субот для ўдзельнікаў гарадскога арыенціравання «Мой горад». Яго арганізатары прыдумалі для ўдзельнікаў некалькі этапаў мерапрыемства, якія неабходна было прайсці на шляху да званняў лепшых юных знаўцаў Браслава.

Распачалося ўсё ў будынку ЦДіМ, дзе 4 каманды — «Жданаўцы», «Краязнаўцы», «Вока прадбачання» і «Зубр» — напачатку адказалі на каверзныя тэарэтычныя пытанні па гісторыі райцэнтра. Пасля пачалася, напэўна, самая складаная частка — праходжанне іспыту «Я ведаю свой горад, бо ў ім жыву!». Кожная каманда атрымала маршрутны ліст з пытаннямі і фотазагадкамі. Падлеткам неабходна было знайсці месцазнаходжанне адгадак, сфатаграфаваць іх і пры гэтым укласціся ў вызначаны тэрмін. Пасля вяртання ў ЦДіМ наступіў адказны час для капітанаў каманд. Яны выступілі ў ролі экскурсаводаў па славутых мясцінах Браслава і захапляльна правялі завочныя экскурсіі.

Трэба адзначыць, што ўсе каманды паказалі добрую падрыхтоўку і веды па гісторыі Браслава. Тым не менш пераможцамі сярод 7-х класаў сталі «Жданаўцы» са школы № 1, а сярод 8-х класаў перамагла каманда «Вока прадбачання» школы № 2. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.