Рыбак-прафесіянал: «Рыбы менш не стала»

Главное Люди Отдых

Англічане сцвярджаюць, што лепшая магчымасць завязаць непрымусовую размову — абмеркаваць надвор’е. Магчыма, цяпер, калі дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям кожную хвіліну ў цябе пад рукой прагноз Гідраметцэнтра, размаўляць з субяседнікам пра пагоду даволі нудна. Тым не менш гэта тэма не сходзіць у нас з языка, бо звычайна ранкам мы пазіраем у акно ці на экран тэлевізара з надзеяй не памыліцца, што апрануць, каб не дрыжаць увесь дзень ад холаду ці не прэць ад спёкі, браць з сабой парасон ці не. І ўсё роўна дапускаем памылкі. Ну як жа ў такім разе не падзяліцца сваімі эмоцыямі! У выніку ўласных назіранняў заўважыў, што, нягледзячы на перыпетыі надвор’я, у асяроддзі большасці браслаўчан моцнага полу першы план у непрымусовай размове ўсё ж такі займае тэма рыбалкі: хто, дзе, на якую прынаду лепш клюе.

І гэта ніколькі не дзіўна: у нашым краі бязмежных блакітных азёр шмат аматараў праводзіць свой вольны час з вудай у руках — і прыемна, і для сям’і карысць. Як кожны салдат марыць быць генералам, так і ў душы рыбалова-аматара заўжды тлее надзея вывудзіць з водных глыбінь трафейны экзэмпляр ці хоць дасягнуць законнага ўлову ў 5 кг. А ён якраз з кожным годам усё драбнее. На гэты конт у кожнага рыбалова-аматара ўласнае меркаванне: збяднелі вадаёмы, слабае зарыбленне, адсутнічаюць нерасцілішчы, выпаласкалі сеткамі і г. д.

А вось у 74-гадовага Аляксандра Іосіфавіча Блудзеня, які практычна ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціў прамысловай рыбалавецкай справе, свой погляд.

— Не думаю, што ў нашых вадаёмах стала менш рыбы, — кажа ветэран працы. — Калі дзейнічаў рыбгас, штомесячны план адной рыбалавецкай брыгады, што лавіла невадам, складаў 7 тон, і яго выконвалі. А было іх тры ды яшчэ адна з невадком, працавалі таксама рыбалавецкія арцелі сельгаспрадпрыемстваў.

У брыгадзе летам было пастаянна задзейнічана 6-7 чалавек, зімой — 11. Лавілі невадам не толькі на вялікіх азёрах, такіх як Дрывяты, Дрысвяты, Обаль, Богінскае, а і на меншых. У летні перыяд за дзень аблаўлівалі 2-3 тоні, а па лёдзе звычайна больш за адну не атрымлівалася. На Дрывятах невад закідвалі ноччу — такая для добрага ўлову асаблівасць гэтага возера. На промысел брыгады выходзілі кожны дзень, акрамя, зразумела, перыяду забароны і неспрыяльнага надвор’я.

Напрыклад, перад ледаставам усе рыбакі займаліся шыццём з дэлі (сетка, звязаная са спецыяльных нітак) невада, рамантавалі старыя.

Каб граматна аблавіць тоню, не зачапіць мелі, закідкай невада, адно крыло якога мела даўжыню каля 300 метраў, кіраваў самы вопытны ў брыгадзе рыбалоў. Яго ў народзе называлі заводнікам. У той час, вядома ж, ніякіх эхалотаў не было, і ён кіраваўся арыенцірамі па берагах азёр, занатаванымі ў блакноце.

— І як жа, Аляксандр Іосіфавіч, ішлі справы з уловам? — цікаўлюся ў прафесіянала.

— Па-рознаму бывала. Здаралася, што выцягнем невад, а ў ім дробязь адным сачком сабраць можна. Іншы ж раз, часцей за ўсё зімой (рыба больш групуецца), злоў даходзіў да 7-9 тон, быў на Дрывятах і адзін у 25 тон ляшча. Траплялі ў невад і сазаны вагой па 20 кг, шчупакі па 7-10 кг, але звычайна меншых памераў.

— Дык чаму, на ваш погляд, у той час і аб’ём прамысловага ўлову ў некалькі разоў перавышаў сучасны, і рыбаловы-аматары радасна хваліліся адзін перад адным рыбацкім шчасцем, а не разводзілі рукамі, як усё часцей цяпер?

— Мне неяк няёмка глядзець, як браслаўчане купляюць пастаўскую рыбу пры такой колькасці сваіх азёр і гатовых сажалак. Вядома ж, у рыбгасе працавалі кваліфікаваныя спецыялісты, якія планамерна займаліся не толькі рыбалоўствам, але і зарыбленнем. Але не толькі ў гэтым прычына. Рыба нікуды не знікла. Іншая справа, як яе ловяць. У нацыянальным парку прамысловая лоўля арганізавана толькі на ўмовах дагавораў падраду. Нягледзячы на эхалоты і іншыя прыстасаванні, думаю, што цяперашнія рыбаловы слаба ведаюць вадаёмы. Невад практычна не выкарыстоўваецца, значыць, рыбу нішто не турбуе, не ганяе, і яна маларухомая, амаль стаіць, уся абчапляная прыліпаламі, таму і клюе вяла.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара і з архіва

Людмілы ГАРАН.