«БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА» — люстэрка раёна

Люди

Нямала розных людзей прытуліла пад сваімі блакітнымі крыламі гасцінная Браслаўшчына. І пазнаёміцца з сучасным жыццём раёна ім дапамагае мясцовая газета. Менавіта так лічаць маладыя супрацоўніцы РЦГіЭ Анастасія Бараноўская і Аляксандра Рачынская.

Два гады таму назад дзяўчаты пачалі на нашай зямлі сваю працоўную дзейнасць. І амаль з першых дзён яны пазнаёміліся з «Браслаўскай звяздой», сталі вернымі яе падпісчыцамі і актыўнымі чытачкамі.

— Безумоўна, — адзначае Аляксандра, — раёнка дапамагла нам хутчэй пазнаёміцца з асаблівасцямі краю і яго ветлівымі людзьмі, што вельмі дапамагае нам у рабоце.

А у хуткім часе на старонках выдання з’явіліся і артыкулы маіх субяседніц.

— Вельмі добра, — дадае Анастасія, — што праз газету мы можам звярнуцца да насельніцтва, правесці растлумачальную работу, давесці да грамадзян інфармацыю пра мерапрыемствы і акцыі, якія праводзім.

Так, адзначыла А. Бараноўская, многія сталыя жыхары са старонак выдання даведваюцца, дзе і калі медыкі будуць вымяраць артэрыяльны ціск, і з задавальненнем прыходзяць. А гэта сведчыць пра тое, што газету чытаюць і яна патрэбна браслаўчанам.

Таксама дзяўчаты расказалі, што на планёрках, якія рэгулярна праходзяць у іх установе аховы здароўя, абавязкова абмяркоўваюцца раённыя навіны, што друкуюцца ў «Браслаўскай звяздзе». А яе падшыўка заўсёды знаходзіцца ў агульнадаступным месцы, і калі калегі зацікавяцца якім-небудзь артыкулам, яны маюць магчымасць яшчэ раз яго перачытаць.

Трэба адзначыць, што ў цэнтры беражліва захоўваюцца і газеты мінулых гадоў, калі выданне было яшчэ чорна-белым, і іх таксама з цікавасцю гартаюць дзяўчаты.

Падабаецца Аляксандры і Анастасіі, што на старонках «Браслаўскай звязды» шмат увагі надаецца здароваму ладу жыцця, з задавальненнем яны чытаюць розныя апытанні і матэрыялы пра таленавітых людзей. Цікавыя ім і матэрыялы, якія папярэджваюць ад рознага віду махлярства, тлумачаць змяненні ў заканадаўстве.

— Мне, — кажа Анастасія,— вельмі падабаецца старонка «Блакітны разліў». Прыгожыя радкі браслаўскіх паэтаў заўсёды кранаюць сэрца і душу.

Аляксандра з цікавасцю чакае «Нявыдуманыя гісторыі» і агляд матэрыялаў мінулых гадоў. Абавязкова чытаюць дзяўчаты пра падзеі, якія адбываюцца на Браслаўшчыне, праглядаюць рэкламу і віншаванні. Яны лічаць, што газета — гэта люстэрка, у якім адбіваецца рознабаковае жыццё раёна.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.