Спявай, «Вярба»!

Отдых

Народны фальклорны калектыў «Вярба» Дрысвяцкага СДК святкуе 20-годдзе з дня прысваення яму ганаровага звання «народны».

Гэта значная падзея для «Вярбы». Заснаваны ў 1989 годзе, калектыў працягвае існаваць і радаваць сваіх прыхільнікаў творчасцю. Сёння ім кіруе Тэрэза Гламбоцкая, а ля вытокаў стаяла Эмілія Шавэла. Менавіта яна заклала традыцыі калектыву і абумовіла яго асноўную місію — адраджаць аўтэнтычныя творы. У рэпертуары — толькі мясцовыя беларускія і поль- скія песні, танцы, гульні, абрады.

За доўгі час існавання «Вярба» пацвердзіла званне «народны» 6 разоў. Сёння ў калектыў уваходзяць 16 чалавек, якія вядуць актыўную творчую дзейнасць. На іх рахунку яркія выступленні на святах вёсак Браслаўшчыны, каталіцкіх і праваслаўных мерапрыемствах, фестывалі «Браслаўскія зарніцы». Народны фальклорны калектыў часта запрашаюць выступаць у Літву і Латвію. «Вярбу» заўсёды цёпла ўспрымаюць гледачы.

Акрамя аднаўлення песеннай спадчыны, удзельнікі калектыву займаюцца тэатральнымі пастаноўкамі па мясцовых легендах і паданнях, дзе спалучаюцца песні, танцы і гульні.

— Калектыў «Вярба» — гэта гордасць не толькі Дрысвяцкага СДК, але ўвогуле нашага населенага пункта, — кажа дырэктар установы Святлана Алмамедава. — Яго ўдзельнікі — таленавітыя, адказныя і старанныя людзі. Яны лёгка адгукаюцца на разнастайныя прапановы, з задавальненнем удзельнічаюць у мерапрыемствах, шмат робяць для пашырэння свайго рэпертуару.

«Вярба» мае багатую скарбонку ўзнагарод. Калектыў не застаецца без дыпломаў на розных мерапрыемствах і нават быў запрошаны на здымкі тэлеперадачы «Наперад у мінулае», дзе адбіралася 100 песень для Беларусі. Мінулы год для ўдзельнікаў калектыву быў таксама ўраджайным на паездкі і ўзнагароды. Напрыклад, яны выступалі падчас правядзення дзён польскай культуры ў Мінску, дзе атрымалі падзяку «Саюза палякаў на Беларусі». Дыпломы прывезлі і з абласнога свята нацыянальных культур, свята «Вялікая вясельніца», абласнога фальклорнага форуму і інш.

— Гэта сапраўдны аўтэнтычны калектыў, які працуе толькі на мясцовым матэрыяле, што быў сабраны ў наваколлі Дрысвят. Гэтую ўнікальнасць падкрэсліваюць заўсёды і журы разнастайных конкурсаў, якія толькі станоўча адгукаюцца пра «Вярбу», — адзначае метадыст па фальклоры Браслаўскай ЦКС Вольга Букіс. — З удзельнікамі калектыву лёгка і прыемна працаваць: яны поўныя ідэй і адкрытыя да супрацоўніцтва.

Сваю юбілейную дату «Вярба», як і належыць творчаму калектыву, сустрэне на сцэне. Урачыстае мерапрыемства ў гонар гэтай падзеі адбудзецца 1 мая ў Дрысвятах.

Спявай, «Вярба», і далей! Захоўвай і зберагай фальклорную спадчыну для нашчадкаў, каб яны ведалі, адкуль іх карані.

■ Алена НАБЕЕВА.