Майстар-клас па маляванках правялі ў Браславе

В свободное время

Супрацоўнікі Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў імкнуцца далучаць браслаўчан да традыцыйных рамёстваў. Менавіта таму ў музеі традыцыйнай культуры часта праводзяцца розныя майстар-класы. Нядаўна там вучылі рабіць маляванкі.

Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я ўключана ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як элемент нематэрыяльна-культурнай спадчыны. Калісьці, асабліва ў пасляваенны час, іх выраблялі паўсюдна простыя людзі, не абавязкова мастакі, а нескладаная тэхніка дазваляла за кароткі час зрабіць яркі роспіс на тканіне, якая пасля ўпрыгожвала сцяну пакоя.

У Браслаўскім раёне маляванкамі актыўна займаліся Антон Рыдзіка з Барадзінічаў, Алёна Стацэвіч з Альбенеўцаў, Юзэфа Пятрова з Браслава. Сёння ў фондах захоўваецца больш за дзясятак розных маляванак, пачынаючы ад 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Іх, дарэчы, цяпер дэманструюць на выстаўцы ў МТК.

Доўгі час адраджэннем гэтага мастацтва ў раёне займалася супрацоўнік фондаў музея Аліна Выжыкоўская. Цяпер яна ахвотна дзеліцца ведамі з усімі жадаючымі. На майстар-класе жанчына расказала, што для маляванкі спатрэбіцца чорная льняная тканіна, мыла (для нанясення ліній будучага ўзору), фарбы і штампы. Тэхніка штампавання ўзору самая простая. Што звычайна малявалі? Кветкі, расліны, птушак і жывёл. Словам, прыроду наўкол. У якасці штампаў раней выкарыстоўвалі буракі ці бульбіну. Цяпер — кавалкі лінолеуму на драўлянай аснове. Вядома ж, калі ёсць здольнасці, можна абысціся і без трафарэтаў.

Падчас майстар-класа Аліна Выжыкоўская паказвала і падказвала ўдзельнікам, як лепш размяшчаць узоры і выбіраць фарбы. У выніку ў кожнага атрымалася зрабіць сваю ўласную маляванку і разам з тым авалодаць азамі гэтага мастацтва.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *