Вясенняя небяспека на вадаёмах

Безопасность

Страшная трагедыя адбылася ў пачатку сакавіка ў Наваполацку. Дзве дзяўчынкі 10 і 12 гадоў гулялі па беразе Заходняй Дзвіны. Старэйшая з іх вырашыла зрабіць сэлфі на фоне ледаходу па рацэ, але аступілася, упала ў ваду, яе падхапіла хуткая плынь і панесла ўніз. Спробы малодшай дапамагчы сяброўцы выніку не далі. Цела ж пацярпелай да цяперашняга часу не знойдзена.

Гэты прыклад прыводзім для таго, каб яшчэ раз напомніць, што ў час веснавой паводкі вельмі небяспечна падыходзіць блізка да ўрэзу вады рэк і ручаёў. Хуткая плынь у гэты час падмывае берагі, якія пад цяжарам чалавека абрушваюцца, а трапіўшы ў халодную ваду, з моцным цячэннем нават трэніраваны спартсмен не заўсёды справіцца. Дзецям жа зрабіць гэта практычна немагчыма. Таму заклікаем бацькоў рэгулярна напамінаць малым пра гэтую небяспеку.

Не менш каварны за падмытыя берагі і веснавы лёд. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што лёдавы пакроў яшчэ моцны. Пад уздзеяннем сонечных промняў, дажджу і асабліва туману ён робіцца крохкім і ў адрозненне ад восеньскага, які папярэджвае патрэскваннем і прагібаннем, раптоўна перастае вытрымліваць нагрузку, і чалавек правальваецца ў ваду.

Асобна хочацца папярэдзіць заўзятых рыбаловаўаматараў, што часта грэбуюць усімі правіламі бяспекі, карыстаюцца любой магчымасцю, каб прадоўжыць сезон падлёднай рыбалкі, і часцей за іншых становяцца ахвярамі веснавога лёду. Перш чым адправіцца за сумніўным уловам, падумайце пра жыццё: яно даражэйшае за ўсё.

■ Віктар МАРХЕЛЬ,

старшыня раённай арганізацыі Асвод.

Сяргей ФЕДАРЭНКА,

нам. начальніка Браслаўскага РАНС.