Як прайшлі школьныя прадметныя алімпіяды

Власть и общество

Традыцыйна падчас вясенніх канікулаў праходзілі школьныя прадметныя алімпіяды. Удзел у іх прынялі 430 вучняў з 4 — 9 класаў з розных устаноў адукацыі раёна. Штогод такія інтэлектуальныя спаборніцтвы выяўляюць найбольш здольных і адораных вучняў, павышаюць іх інтарэс да вучобы.

Сёлета вясеннія алімпіяды прайшлі па 17 прадметах. Сярод іх як звыклыя руская, беларуская і замежная мова і літаратура, біялогія, фізіка, астраномія і матэматыка, так і «Мая Радзіма — Беларусь», інтэлектуальныя спаборніцтвы па прававых ведах.

Як расказала загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Кук’ян, па выніках вясенніх алімпіяд 144 вучні атрымалі дыпломы, сярод іх 45 — за першае, столькі ж за другое і 54 — за трэцяе месца. А вось сярод школ больш за ўсё прызавых месц заваявала гімназія (38), СШ № 2 (37), СШ № 1 (28). Менавіта ў гэтых установах адукацыі было і больш уладальнікаў першых месц. Пры гэтым гарадскія школьнікі атрымалі 34 дыпломы першай ступені, у той час як вясковыя — 11.

Сярод пераможцаў былі такія вучні, якія набралі больш за 90 % магчымых балаў па сваіх прадметах, — шасцікласнік Ігар Арэх (Ахрэмаўскі ДССШ), вучаніца 4 класа СШ № 2 Вікторыя Якімец, чацвёртакласніца Юлія Высоцкая (СШ № 1), пяцікласніца Ганна Брылевіч (гімназія). Сямікласнік СШ № 1 Станіслаў Плясун выканаў заданні за 8 клас і атрымаў 73 балы. А вось вучаніца 4 класа СШ № 2 Ульяна Грунда па прадмеце «Мая Радзіма — Беларусь» увогуле выканала ўсе заданні на 100 %.

Як паказвае практыка, большасць з тых, хто добра праявіў сябе на раённых алімпіядах, потым выдатна выступае на інтэлектуальных спаборніцтвах для старшакласнікаў, годна прадстаўляе раён на абласным і нават рэспубліканскім узроўнях.

■ Алена ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *