Разам да справы

В свободное время Экономика и финансы

Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі» правялі ток-шоу «Актывізм і бізнес: ці магчымы агульны інтарэс?».

Да ўдзелу ў дыскусійным мерапрыемстве арганізатары запрасілі актывістаў з Браслава і Мінска, якія ўласным прыкладам дэманструюць ажыццявімасць нават самых смелых ідэй. Мяркуючы ж па колькасці прысутных на ток-шоу гледачоў, заяўленая тэма цікавіла многіх.

Як ідэя можа стаць справай? Дзе шукаць паплечнікаў ці, магчыма, спонсараў? Якім чынам развівацца і атрымліваць вынік? На гэтыя пытанні спрабавалі адшукаць адказы арганізатары дыскусіі. Запрошаныя госці дзяліліся сваім вопытам рэалізацыі сацыяльных і камерцыйных праектаў. Пра магчымасці атрымання фінансавання на ідэю, карысную для грамадскасці, расказаў ураджэнец Браслава, а цяпер мінчанін Аляксандр Скрабоўскі. Ён не першы год займаецца конкурсам сацыяльных праектаў і на практыцы ведае, што неабходна, каб задуманае знайшло падтрымку і стала рэальнасцю. Дарэчы, некалі дзякуючы менавіта такому конкурсу браслаўчане на беразе возера Бярэжжа ўзвялі дзіцячую пляцоўку. Увогуле, на браслаўскай зямлі рэалізуецца шмат спраў, якія нясуць карысць грамадству і робяць свет наўкол лепшым. Так, напрыклад, Юлія Герцава паведаміла, што з 2011 года грамадскае аб’яднанне «Еўрарэгіён “Азёрны край”», якое яна ўзначальвае, рэалізавала 7 розных па тэматыцы праектаў: ад папулярызацыі народных рамёстваў да ўсталявання кантэйнераў для смецця на тэрыторыі Ахрэмавецкага сельсавета. Аднак ці магчыма, каб ідэя прыносіла не толькі карысць, але і фінансавы прыбытак? Яскравы прыклад тут — фестываль Viva Braslav. Адзін з яго арганізатараў Яўген Лабуць расказаў, як з невялікай дыскатэкі на стадыёне Viva вырас да мерапрыемства, якое збірае дзясяткі тысяч удзельнікаў. Тым не менш і цяпер каманда фестывалю працягвае самаўдасканальвацца і шукае далейшыя шляхі для развіцця мерапрыемства.

Падчас дыскусіі было ўзнята шмат актуальных пытанняў, аднак выступаючыя былі салідарныя ў адным: толькі актыўнасць, ініцыятыва і падтрымка зладжанай каманды дапаможа ажыццявіць задуманае. Менавіта так, пад лозунгам «Разам да справы!», магчыма разнастаіць жыццё горада і зрабіць яго больш насычаным. ■

Алена НАБЕЕВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *