Жахлівыя ўспаміны дзяцінства

Люди

Вайна не ведае ўзросту, перад яе страшным абліччам роўныя і старыя, і малыя. Па недакладных падліках, ахвярамі фашызму сталі звыш пяці мільёнаў дзяцей, а да шчаслівых залпаў Перамогі дажыло толькі адно дзіця з дзесяці. Пашанцавала і браслаўчаніну Паўлу Кудраўцаву.

Безумоўна, многія падзеі і дакладныя факты не засталіся ў дзіцячых успамінах, і пра многія пакуты сваёй сям’і Павел Піліпавіч ведае са слоў маці. Аднак моманты неўсвядомленага жаху, які давялося перажыць, і да сённяшняга часу ўчэпіста сядзяць у яго памяці.

Хлопчыку было сем гадоў, калі ў родную вёску Асіпенкі, што ў Лёзненскім раёне, увайшлі немцы. Яны размясціліся ў сялянскіх хатах, а гаспадароў выгналі на вуліцу. У кастрычніку 1943 года і пачалося для сям’і Кудраўцавых хаджэнне па пакутах. Маці Паўла і яго шасцёра братоў і сясцёр накіраваліся ў суседні горад шукаць паратунку. Але там іх схапілі фашысцкія рабаўнікі, пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Германію.

Ехалі некалькі сутак. Невыносная стомленасць, голад, пранізлівы вецер і жах за будучыню трымалі кожнага на мяжы вар’яцтва. Падчас невялікіх прыпынкаў, кажа П. Кудраўцаў, дзеці збіралі на абочыне зярняткі жыта, а потым дзялілі паміж роднымі.

Палонных прывезлі пад мяжу з Галандыяй. Спачатку іх адправілі на медагляд. У брата Паўла рэнтген паказаў памутненне на лёгкім, і яго адразу накіравалі ў другі натоўп людзей. Пры гэтым наіўны юнак супакойваў сваю маці, якая заходзілася ад плачу, бо быў упэўнены, што яго адпраўляюць на лячэнне. Але лякарства ад усіх хвароб у немцаў было адно — смерць.

Далей гаротнікаў прывезлі ў лагер для палонных, тэрыторыя якога была абнесена высокім калючым дротам. Размясцілі ў бараках з двух’яруснымі нарамі.

Маці і старэйшыя дзеці працавалі на торфабрыкетным заводзе, што знаходзіўся непадалёку ад лагера. А дзеці збіраліся невялікімі групамі і знаходзілі сабе забавы. Увесь гэты час яны былі пад наглядам жахлівых ахоўнікаў.

— Дарослыя падымаліся вельмі рана, — працягвае сумны ўспамін П. Кудраўцаў, — а працавалі да позняга вечара. Кармілі нас дрэнна — нейкай поліўкай бруднага колеру. Увесь час хацелася есці. Пра чысціню ніхто нават і не марыў.

Свабода прыйшла ў 1945 годзе разам з англічанамі. Добра захавалася ў памяці Паўла Піліпавіча, як незнаёмыя салдаты частавалі пячэннем і кансервамі.

Потым зноў быў доўгі і цяжкі пераезд па чыгунцы. Але дарога вяла на Радзіму. Некалькі месяцаў сям’я дабіралася ў родныя мясціны.

Ды і тут іх чакалі выпрабаванні. Дом быў разбураны, і гаротнікаў ненадоўга прытуліў дзядзька. Потым давялося жыць у зямлянцы. Харчаваліся літаральна травой, хадзілі жабраваць. І толькі ў 1947 годзе, калі дэмабілізаваўся старэйшы брат, збудавалі невялікую хатку.

Паціху жыццё наладжвалася. П. Кудраўцаў скончыў школу і Полацкі лясны тэхнікум. Працаваў у Пастаўскім раёне, потым з сям’ёй пераехаў на Браслаўшчыну, дзе ахоўваў лясную прыгажосць. У свой час Павел Піліпавіч тры разы атрымаў ад нямецкага ўрада грашовую кампенсацыю. Але ці могуць грошы ўваскрэсіць забітых і вярнуць спакой у душы скалечаных вайной людзей?!

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *