Дзе Чортава яма?

Калейдоскоп

Пасля некалькіх публікацый пра славутасці Слабодкі чытачы пачалі задаваць пытанні наконт месцазнаходжання ўпадзіны Чортава яма і яе паходжання. «Браслаўская звязда» паспрабавала знайсці адказы.

 

Дзеля гэта мы вывучылі версіі ўзнікнення Чортавай ямы. Першая — фальклорная. Так, у адным з даведнікаў пра Браслаўшчыну знайшлі паданне. У ім гаворыцца, быццам некалі ў наваколлі Слабодкі вадзілася шмат гадзюк. Неяк у вёсцы з’явіўся падарожнік і яму далі прытулак у адным з дамоў. Ад гаспадароў ён пачуў гісторыю пра гадаў. «Не выходзьце з хаты да світання», — сказаў госць. Усю раніцу з боку лесу чуўся шум, свіст і шыпенне. Пазней жыхары вёскі пайшлі ў лес і ўбачылі там велізарную яму. Доўгі час людзі казалі, быццам бы сам чорт наведаў у тую ноч іх вёску і знішчыў усіх змей.

Другая версія — прыроднае паходжанне. Лічыцца, што пасля раставання ледніка тут засталося невялікае, але глыбокае возера, размешчанае амаль на 20 метраў вышэй за ўзровень сучасных азёр. Яно ўтварылася ў выніку вымывання грунту плынню ледніковых вод, якія падалі з высокага ўзроўню. Цяпер яна і ўяўляе катлавіну з крутымі схіламі і плоскім дном.

Трэцяя версія — быццам бы ўпадзіна рукатворная. Так, мясцовыя жыхары расказалі, што нібы з гэтага месца падчас будаўніцтва вузкакалейкі Друя — Дукштас бралі пясок.

Дзе ж знаходзіцца гэтая загадкавая Чортава яма? На месцы ў Слабодцы мы высветлілі, што да яе можна дабрацца некалькімі шляхамі. Вось самы просты. Не даязджаючы да ўязнога знака Слабодка (з боку Браслава), спыняемся перад невялікім сасновым лесам і паварочваем направа, праходзім прыкладна 100 метраў і адразу апынаемся на крутым схіле. Гэта і ёсць Чортава яма. Дарэчы, вяртаючыся назад, не палянуйцеся перайсці дарогу і заадно прагуляцца па знакамітай Слабодкаўскай озавай градзе.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *