Браслаўскі рыбзавод: па слядах былой славы

Год малой родины Экономика и финансы

Браслаўшчына заўсёды славілася сваімі азёрамі і іх рыбай. Да цяперашняга часу наш край у многіх асацыіруецца з выдатнай рыбалкай. Між тым у апошні час у нашым раёне здабываюць некалькі дзясяткаў тон рыбы штогод, а гэта ў 5–6 разоў менш, чым гадавыя ўловы 30-цігадовай даўніны.

Пра сітуацыю ў “рыбнай сферы” «Браслаўская звязда» распытала ў былога дырэктара Браслаўскага рыбзавода Людмілы Гаран. Жанчына больш за 15 гадоў узначальвала прадпрыемства, якое добра ведалі ва ўсёй БССР і за яе межамі. Сама яна родам з Украіны, але пасля заканчэння ў 1966 годзе Калінінградскага інстытута рыбнай прамысловасці па размеркаванні трапіла ў Браслаў. Працавала майстрам кансервавага цэха, галоўным тэхнолагам. У 1971 годзе Людміла Іванаўна заняла пасаду дырэктара рыбзавода, якую пакінула ў 86-м. Пасля гэтага працягвала працаваць на прадпрыемстве, час ад часу выконваючы абавязкі кіраўніка. Адсюль жа пайшла на пенсію. Таму можна смела казаць, што жанчына аддала Браслаўскаму рыбгасу ўсё жыццё.

Выдатнай нагодай для размовы стаў Дзень рыбака, які адзначаецца ў другую нядзелю ліпеня. Зараз свята забыта, але яшчэ ў 90-х яго святкаванне па размаху саступала хіба што толькі “Браслаўскім зарніцам”.

— Людміла Іванаўна, раскажыце, калі ласка, нашым чытачам, што з сябе ўяўляў тагачасны рыбзавод і чым ён быў знакаміты.

— Афіцыйная здабыча і перапрацоўка рыбы на Браслаўшчыне пачалася адразу пасля вайны. Тады тэхналогіі дазвалялі рыбу толькі саліць, сушыць і вэндзіць. Прадавалі свежую. Галоўнымі спажыўцамі былі Даўгаўпілс, Сілене. Многа пастаўлялі ў Вільнюс.

Асноўнымі здабытчыкамі сыравіны былі калгасныя рыбалавецкія брыгады. У іх часта працавалі цэлыя дынастыі вопытных рыбакоў. Асабліва славіўся сваімі прафесіяналамі калгас “Дружба” з цэнтрам у вёсцы Рубеж. Паступова на заводзе з’явілася свая рыбалоўная брыгада, пазней – другая і трэцяя. Браслаўскі рыбгас на фоне рэспублікі быў адметны ў першую чаргу сваімі ўловамі. Часта здараліся “паімкі” – буйны аднарозовы ўлоў (10 і больш тон). Самая буйная “паімка” была зімой 1973 года, калі на Дрывятах у раёне ТБЗ рыбакі выцягнулі на лёд невад з 75-цю тонамі рыбы, 73 з якіх – лешч. Увогуле такія падзеі здараліся рэгулярна, 2-3 разы ў год, заўсёды – зімой. Апошняя “паімка” была недзе ў канцы 90-х.

Вядома, можна сказаць, што рыбака корміць удача – гэта так. Аднак нельга забываць і пра прафесіяналізм. У справе прамысловага рыбалоўства вялізную ролю адыгрываюць заваднікі, якія закідваюць тоню. Трэба ведаць, дзе, калі і як гэта зрабіць. Многія мелі свае прыкметы і арыенціры. Памылкі былі, у каго ж іх няма, але хлопцы маглі даць прагноз наконт наступнай “паімкі”з дакладнасцю да трох–чатырох дзён. У нас такія спецыялісты былі. Выдатнымі заваднікамі запомніліся Дзям’ян і Дзій Данілавы, Альфонс Кука, Вітольд Шаркель, Іван Плошчанка, Аляксандр Блудзень. На жаль, многіх з іх ужо няма з намі.

Валавыя гадавыя ўловы складалі 300-400 тон. Аднаго вугра лавілі па 200-400 кілаграмаў штодзень (!). Рыбу прывозілі на завод цэлымі машынамі. Цэхі не спраўляліся з яе перапрацоўкай. Буйную – перакладвалі лёдам і адпраўлялі ў Мінск, сярэднюю і дробную вэндзілі і кансервавалі ў бляшанкі. Далёка за межамі раёна былі вядомыя нашы кансервы “Вугар у жэле”, “Лешч у таматным соусе”, “Лешч у алеі”, “Часцік у таматным соусе” і іншыя.

Каб не адставаць ад тэхналагічнага прагрэсу, праводзілі мадэрнізацыю вытворчасці. Закуплялі новыя прылады і абсталяванне для перапрацоўкі рыбы, будавалі жыллё для сваіх работнікаў, імкнуліся рабіць усё, каб трывала стаяць на нагах. І напружаная работа давала свае вынікі – прадпрыемства было ў перадавіках. Прычым не толькі раённага сацспаборніцтва, але і рэспубліканскага – нас неаднаразова ўзнагороджвалі ганаровым пераходным сцягам.

— Ці адчувалі вы пачуццё гонару за сваю працу, сваё прадпрыемства?

— Так. Вельмі прыемна, калі твае намаганні заўважаны і адзначаны. Удвая прыемна – за нашых людзей. Лепшым работнікам, як перадавікам, часта выпадаў гонар узначальваць святочную калону падчас шэсця на Першамай. Шчыра і маштабна мы шанавалі лепшых на Дзень рыбака. Свята, трэба сказаць, было вялікае – адзначалі шырока, з прыцягненнем першых асоб раёна.

— А ці ёсць у вас меркаванні наконт таго, чаму галіна прыйшла ў  заняпад?

— На гэта можна паглядзець з некалькіх бакоў. Па-першае, тэхналогіі. Як я ўжо казала, мы імкнуліся ў гэтым плане ісці ў нагу з часам. Аднак з пачаткам перыяду ўсім вядомай перабудовы пачаліся цяжкасці. Перапрацоўка рыбы патрабуе многа вады. З ростам аб’ёмаў вытворчасці, калі ў пагоні за планам мы пачалі завозіць сыравіну з Прыбалтыкі, існуючых магутнасцей ачысткі вады стала не хапаць. Распачалося маштабнае будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў і каналізацыйных сетак. Да таго ж будавалі новы рыбаперапрацоўчы цэх. Усе гэтыя будоўлі так і засталіся незавершанымі. Па-другое, бюракратычныя пытанні. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, праблемы з узнікненнем мяжы паміж намі і суседнімі краінамі, якія былі і пастаўшчыкамі сыравіны, і спажыўцамі нашай прадукцыі, удалося захаваць вытворчасць. Больш за тое, нават у цяжкія 90-ыя рыбзавод заставаўся прыбытковым прадпрыемствам. Верагодна, таму яго і вырашылі аб’яднаць з сушыльным заводам у харчовы камбінат. Здабыча рыбы стала прэрагатывай нацпарка, а магутнае ў мінулым прадпрыемства стала базай захоўвання вылаўленай рыбы, бо яе перапрацоўку перанеслі на вул. Дзяржынскага. Лічу, што аб’яднанне правялі дарэмна.

— Людміла Іванаўна, а як вы лічыце, ці ёсць на Браслаўшчыне перспектыва аднаўлення магутнага прамысловага рыбалоўства, якое ў нас было раней?

— Для гэтага нам трэба шмат працаваць. Зараз модна ківаць у бок прыроды, маўляў, рыбы ўжо няма. Так, згаджуся, гэты фактар мае месца. Аднак не менш значны фактар – чалавечы. Мы развучыліся лавіць рыбу – гэта няма каму рабіць! Сёння ў год ловяць столькі, колькі раней за месяц. У нас былі рыбакі, якія з трох гадоў з бацькам невады цягалі. Да самога выхаду на рыбу доўга і карпатліва рыхтаваліся, улічвалі многія фактары. У апошні ж час у рыбакі ідуць некваліфікаваныя спецыялісты, моладзь не ўмее нічога рабіць, а прафесіяналаў са старэйшых пакаленняў у сферы амаль не засталося. Людзей трэба вучыць, трэба клапаціцца пра спецыялістаў.

— Дзякую за грунтоўную размову. Са святам вас.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *