Разам больш за паўвека

Люди

На ўскрайку Казян, непадалёку ад ракі Дрысвятка, есць невялікі акуратны дом, дзе ў ладзе і згодзе жывуць Тэрэса і Іван Атрахімовічы. Яны клапатлівыя бацькі, дбайныя гаспадары і надзейныя суседзі.

Яшчэ на падыходзе да дома бачна: жывуць рупліўцы. На двары — парадак, спраўная агароджа і гаспадарчыя будынкі. З-пад снегу праглядаюць абрысы клумбаў, а таксама драўляныя і пласцікавыя фігуркі для ўпрыгожвання. У доме ж паўсюдна кветкі. Жывыя ў гаршчочках і маляваныя — на дзвярах, на мураванай печцы, а таксама іх выявы на шматлікіх тканевых аплікацыях. У пакоях — посцілкі, палавікі і мяккія цацкі, зробленыя з невялікіх кавалкаў тканіны.

— Я вельмі люблю маляваць, шыць і вязаць. Гэта дазваляе мне пераключыцца з маркотных думак і паўсядзённага жыцця на больш станоўчыя моманты, — расказвае Тэрэса Іванаўна. — Па адукацыі я швачка і працавала па прафесіі шмат гадоў, а цяпер гэты занятак стаў аддушынай. Не ленавалася шыць, нават калі гаспадарка была вялікая.

Творчую жанчыну ва ўсім падтрымлівае разважлівы Іван Міхеевіч. Яны ажаніліся ў 1964 годзе і ўсё жыццё пражылі разам у Казянах, працавалі на карысць роднай зямлі. Трымалі гаспадарку, апрацоўвалі агарод, гадавалі дзяцей. Муж і жонка не прывыклі скардзіцца на жыццёвыя цяжкасці, а навучыліся іх пераадольваць і ісці побач, нягледзячы ні на што.

Шчырыя, працавітыя і сумленныя людзі. Менавіта на такіх і трымаецца наша беларуская зямля.

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.