У свеце рукатворных коцікаў

Отдых

На незвычайную прапанову супрацоўнікаў музея традыцыйнай культуры — паўдзельнічаць у выстаўцы рукатворных катоў — адгукнуліся многія браслаўскія майстры і мастакі. А калі, як не ў сакавіку, адкрываць такую экспазіцыю?! З фантазіяй і любоўю падышлі творцы да сваіх вырабаў. Сярод прадстаўленых работ — саламяныя, вышываныя, вязаныя, гліняныя, папяровыя кошкі. Упрыгожваюць сцены малой залы МТК і маляванкі з фондаў установы, а таксама ласкутныя пано і фота- здымкі з выявамі гэтай жывёлы.

Падчас адкрыцця выстаўкі прысутныя не толькі даведаліся пра цікавыя факты з жыцця катоў, але і паўдзельнічалі ў інтэрактыве: напісалі на ватмане мянушкі сваіх гадаванцаў і такім чынам стварылі сумесны арт-праект, які арганічна ўпісаўся ў тэматыку мерапрыемства, а таксама зрабілі невялікія паштоўкі з коцікамі.

Так сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў МТК і сяброў народнага клуба «Ля возера» атрымалася цёплая і казачная выстаўка, якая будзе працаваць да 15 мая.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.