Механізаваны атрад даказаў сваю эфектыўнасць

Деньги

Цяпер, калі з палёў сышоў снег, а ноччу і днём марозіць, самая спрыяльная пара для вывазкі арганікі, што накапілася ля ферм.

А каб гэтая работа не зацягнулася да пачатку бездарожжа, рашэннем райвыканкама ў раёне створаны спецыяльны механізаваны атрад па вывазцы на палі арганічных угнаенняў. Для іх пагрузкі задзейнічаецца тэхніка ДЭУ-34 і ДРБУ-142: на адвозцы — 2 МАЗы ПМК-42, па адным аўтамабілі з «Друйскага» і «Слабодкі-агра» і яшчэ адзін МАЗ — з гаспадаркі, у якой вядуцца работы. Перад механізатарамі і вадзіцелямі атрада пастаўлена задача вывезці на палеткі не менш за 7 тысяч тон гною ў ААТ «Бярозавы край», «Слабодка-агра», «Друйскі» і КУСП «Відзаўскі». Пра эфектыўнасць такога падыходу да арганізацыі работ ужо можна меркаваць па першай спробе.

Палігонам для апрабавання зладжанай работы зводнага звяна тэхнікі стала ААТ «Бярозавы край» і комплекс па вырошчванні цялушак «Пеліканы». Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Крывель, уласнымі сіламі была загадзя падрыхтавана пляцоўка для складзіравання арганікі з улікам таго, каб пры яе ўнясенні не было вялікіх пераездаў. За тры дні работы мехатрад вывез і забуртаваў 902 тоны гною. На думку спецыяліста, такая кааперацыя вельмі выгадная. І ў першую чаргу па часе. Бо калі б акцыянернае таварыства рабіла гэтую работу толькі ўласнымі сіламі, працэс мог зацягнуцца надоўга. У дадзеным жа выпадку ўсё было зроблена хутка, на высокім арганізацыйным узроўні. А залежаў ён ад таго, разважае галоўны аграном, што гарадскія арганізацыі і калегі па сельгасвытворчасці камандзіравалі ў зводны атрад людзей адказных і дысцыплінаваных. Таму ў працэсе работы ніякіх непаразуменняў не ўзнікала: усе адпрацавалі бездакорна.

У цэлым жа па раёне пад яравую сяўбу плануецца ўнесці 377 тысяч тон арганікі, 280 тыс. т яе ўжо вывезена на палеткі. А ў лідарах па вывазцы значыцца ўзгаданы «Бярозавы край», які перавысіў раней плануемы аб’ём больш чым напалову. І ў створанага мехатрада тут галоўная заслуга.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.