А вы ведалі? У браслаўскім музеі захоўваецца машынка для вырабу цукерак

Калейдоскоп

У кастрычніку гэтага года спаўняецца 30 гадоў, як для наведвальнікаў была адкрыта экспазіцыя Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. У сувязі з гэтым сумесна з работнікамі фондаў музейнага аб’яднання мы запускаем новую рубрыку «Гісторыя аднаго экспаната», у рамках якой раскажам пра найбольш цікавыя прадметы, што захоўваюцца ў музеі.

IMG_0309На здымку — машынка для вырабу цукерак. Яе выпусцілі ў Германіі прыкладна ў 1880 — 1900 гадах. Як карысталіся гэтай прыладай? Для вырабу саладосцяў замешвалі цеста, якое затым раскатвалі і па спецыяльным латку (ён адсутнічае ў гэтай машынцы) падавалі да валікаў. Перад гэтым іх змазвалі алеем, каб цеста не прыклейвалася да формаў. Чалавек круціў ручку, валікі рухаліся — і атрымліваліся цукеркі.

Машынка была знойдзена ў Відзах: рэч хацелі здаць на металалом, але, дзякуючы мясцоваму жыхару Ігару Рудзю, яна трапіла ў фонды і стала цікавым экспанатам.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.