Надзея Бялевіч трымае ўсё на кантролі, таму мае добры вынік

Люди

Свінакомплекс СВК «Маяк Браслаўскі» без перабольшвання можна назваць камбінатам па вырошчванні свіней з самымі перадавымі тэхналогіямі вытворчых працэсаў. Нездарма ж калектыў гэтай фабрыкі мяса па асноўных паказчыках надзейна замацаваўся ў пяцёрцы лідараў вобласці і дваццаці лепшых у рэспубліцы.

Паспяховая работа комплексу залежыць ад многіх фактараў, а вось падтрыманне стабільнага пагалоўя ці яго нарошчванне — ад аператараў цэха асемянення. Пры цяперашнім пагалоўі ў 21 тысячу і гадавым плане паставак свініны звыш за 4 000 тон трэба атрымліваць мінімум 42-43 тысячы парасят. А гэта значыць, што кожны дзень павінна парасіцца 12-15 свінаматак. За мінулы ж год на комплексе атрымалі 46 450 галоў прыплоду, што на 7 850 больш, чым годам раней. І як лічыць намеснік старшыні гаспадаркі па свінаводстве Людміла Арцем’ева, у першую чаргу гэта заслуга начальніка цэха асемянення Надзеі Бялевіч — граматнага спецыяліста з творчым падыходам да вырашэння пастаўленых задач, умелага арганізатара, наватара па ўкараненні перадавых тэхналогій. Напрыклад, калі жанчына толькі пачынала працаваць, на комплексе трымалі сваіх кныроў, ад якіх тэхнікі-асемянатары атрымлівалі семя і пакрывалі свінак. Пазней семя завозілася са спецыялізаваных племпрадпрыемстваў. Цяпер жа працуюць і з завазным матэрыялам і з тым, што атрымліваюць ад спецыяльна закупленых кныроў. Пасля заканчэння Лужаснянскага сельгастэхнікума Надзея прыйшла працаваць лабарантам гэтага цэха, а 20 гадоў назад узначаліла яго. Па вытворчай неабходнасці пераводзілася на іншыя пасады, у тым ліку і галоўнага ветурача комплексу, але, як казала Людміла Антонаўна, варта было адлучыць Надзею Васільеўну ад работы ў цэху асемянення, як там адразу ж пачыналіся збоі. І яе зноў вярталі назад.

Цяпер пад началам Н. Бялевіч працуе 13 чалавек. Гэта непасрэдна тэхнікі-асемянатары, лабаранты, аператары па доглядзе рамонтнага маладняку і супаросных свінак. Гаспадарка вельмі неспакойная. Скажам, адна справа дома адабраць на племя некалькі свіначак ад дзвюх-трох свінаматак, і зусім іншая, калі лік вядзецца на тысячы. Для гэтага ў першую чаргу павінен быць наладжаны дасканальны племянны ўлік, а яшчэ трэба мець і спрактыкаванае вока.

Зразумела, што не на адной Надзеі трымаецца стабільная работа цэха. Гэта заслуга ўсяго калектыву. Але ж менавіта ад кіраўніка залежыць, наколькі зладжана і эфектыўна працуюць яго падначаленыя. І ў гэтым плане арганізатарскія здольнасці і чалавечыя якасці выходзяць на першы план. А іх жанчыне не займаць. Дапамагаюць жа ў гэтым не толькі вопыт, а і пастаянная работа над сабой, павышэнне прафесіянальнага майстэрства, адукацыя. Пяць гадоў назад Н. Бялевіч адчула, што для паспяховага ўкаранення перадавых тэхналогій ёй не хапае атрыманых у тэхнікуме ведаў, таму паступіла на вучобу ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, якую сёлета заканчвае.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.