Добрасумленны і працаздольны рабочы па добраўпарадкаванні Міраслаў Хлябовіч

Люди

Міраслаў Хлябовіч працуе ў КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» рабочым па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Кола абавязкаў рабочых участка добраўпарадкавання вельмі шырокае. Найперш яны падтрымліваюць чысціню ў горадзе: збіраюць смецце з урнаў, ля кантэйнерных пляцовак, ачышчаюць тратуары ад снегу, пяску і лістоты, фарбуюць агароджы, займаюцца і пабелкай дрэў, ямкавым рамонтам асфальту.

Да таго ж у Міраслава шмат допускаў на работу з мотаінструментамі. У 2015 годзе на базе жыллёва-камунальнай гаспадаркі ён прайшоў навучанне асновам працы з кустарэзам, у 2016-м — з газонакасілкай, а пасля сёлетніх курсаў у Віцебску можа працаваць і на пад’ёмнай вышцы. Таму з вясны да восені М. Хлябовіч абкошвае газоны, затым бярэ ў рукі кустарэз.

«Калі фігурна падразаю дрэвы, — кажа Міраслаў, — даводзіцца чуць ад некаторых браслаўчан нямала непрыемных слоў наконт таго, што гублю прыроду. Аднак за ўвесь час, што займаюся гэтай справай, пасля зрэзанай кроны не далі парасткі толькі 2 дрэвы, прычым аднаму з іх падчас аварыі пашкодзіла карані машына».

У зімовы час М. Хлябовіч больш арудуе з бензапілой — ачышчае ад кустоўя прыдарожныя палосы.

Кіраўніцтва «Браслаў-камунальніка» цэніць рабочага па добраўпарадкаванні 4 разраду за яго высокую працаздольнасць, ён прафесійна і якасна выконвае вялікі аб’ём работ. Пры гэтым эфектыўна выкарыстоўвае даручаныя мотаінструменты, здольны самастойна ліквідаваць непаладкі, заўжды прытрымліваецца правілаў тэхнікі бяспекі.

За добрасумленную працу ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міраслаў Хлябовіч летась быў узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама, а вось сёлета прызнаны і лепшым па прафесіі.

Свой вольны час Міраслаў прысвячае сям’і, выхоўвае двух яшчэ малалетніх дзяцей. Гаспадарскага догляду патрабуе і прыватны дом, у якім жыве сям’я. Цяпер мужчына займаецца яго рамонтам і ўсё робіць сваімі рукамі, нездарма ж калісьці 5 гадоў адпрацаваў у будаўнічай арганізацыі.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.