Міліцыянеры адзначалі прафесійнае свята

Новости

Напярэдадні прафесійнага свята беларускіх праваахоўнікаў у Браслаўскім РАУС прайшло ўрачыстае мерапрыемства. Узнагароды рознага кшталту ў знак пашаны атрымалі больш за дзясятак міліцыянераў раённага аддзела.

Дата 4 сакавіка асаблівая для айчыннай міліцыі: менавіта з гэтага дня ў 1917 годзе пачаўся адлік яе гісторыі. Ужо тады першыя рабоча-сялянскія часці пачалі ўдзельнічаць ў ахове грамадскага парадку, разгроме фарміраванняў бандытаў. Не мінулі супрацоўнікаў міліцыі гады рэпрэсій, а ў вайну яны аднымі з першых уступілі ў барацьбу з фашыстамі. У пасляваенны час міліцыянеры працягвалі выконваць свой нялёгкі службовы абавязак, змагаючыся са спекулянтамі, злодзеямі, забойцамі, ахоўвалі харчовыя склады, банкі. Словам, ішлі гады, змяняліся перыяды, а міліцыянеры былі і застаюцца на пярэднім фронце барацьбы са зламыснікамі, забяспечваючы правапарадак ва ўсіх сферах жыцця.

02

Яшчэ раз падкрэсліў гэтую думку начальнік Браслаўскага РАУС Вячаслаў Грышчанка, звяртаючыся да асабістага саставу падчас урачыстасцей. «Мы перасягнулі векавы рубеж, трэба рухацца далей. Абараняючы канстытуцыйныя правы грамадзян, міліцыянеры проста абавязаны ўлічваць інтарэсы людзей, дзейнічаць на іх дабрабыт. Мы павінны памятаць: чым вышэйшы аўтарытэт чалавека ў форме з міліцэйскімі пагонамі, тым мацнейшы давер людзей да праваахоўных органаў», — сказаў В. Грышчанка. Ён таксама звярнуў увагу на моцную прафесійную пераемнасць у радах Браслаўскага РАУС. Так, за кароткі перыяд змаглі сябе праявіць маладыя супрацоўнікі Мікалай Іваноў, Яўгеній Барадзін, Ян Храпан, Дзмітрый Фарманіцкі. Працягваюць добрасумленную службу Яўгеній Крумін, Анатоль Пабяржын, Сяргей Шаўчук, Міхаіл Кірылаў, Анатоль Баравік, Аляксей Васільеў, Міхаіл Камінскі і многія іншыя.

03

Словы віншаванняў і падзякі ад раённай улады выказала старшыня райсавета Ніна Пучынская. Яна ад- значыла, што браслаўскія міліцыянеры, абараняючы інтарэсы і правы грамадзян, уносяць важкі ўклад у стабільную і спакойную абстаноўку ў раёне. Менавіта дзякуючы намаганням праваахоўнікаў Браслаўшчына на працягу некалькіх гадоў захоўвае самы нізкі ўзровень злачыннасці ў Віцебскай вобласці.

Завяршылася ўрачыстасць уручэннем узнагарод: 13 супрацоўнікаў райаддзела атрымалі нагрудныя знакі, юбілейныя медалі, граматы і падзякі.

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.