Малады хлопец Уладзіслаў Баравік стаў лепшым па прафесіі

Люди

Студэнт другога курса Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Уладзіслаў Баравік — самы малады з лаўрэатаў ганаровага звання «Лепшы па прафесіі». Хлопец прызнаны лепшым у намінацыі «Моладзь». Актыўны, спартыўны, творчы ды яшчэ і паспяховы ў вучобе, Уладзіслаў проста не мог застацца незаўважаным.

Са спортам хлопец, як кажуць, пасябраваў у школьныя гады, калі вучыўся ў Ахрэмаўцах. З усіх відаў перавагу аддаваў баскетболу, любоў да гэтай гульні засталася і ў юнацтве. Цяпер умовы ў каледжы дазваляюць Уладзіславу займацца баскетболам і развіваць свае спартыўныя здольнасці на больш высокім узроўні, што ён з поспехам робіць.

А вось творчасцю ў школе хлопец не цікавіўся. Адно няўдалае выступленне запомнілася так надоўга, што замкнёнасць ніяк не праходзіла. Сапраўднае захапленне сцэнічнымі выступленнямі, самадзейнасцю праявілася ўжо толькі падчас вучобы ў Відзах. Пачалося ўсё з гітары. Аднойчы ён пачуў, як аднагрупнік іграе на інструменце, папрасіў навучыць азам. Уладзіслаў аказаўся настолькі здольным у гэтым плане вучнем, што «перагнаў» свайго настаўніка. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце каледжа Ніна Лапкоўская дадае: «Як Уладзіслаў іграе першы раз, пачула ў інтэрнаце. Мне спадабалася і адначасова падумалася: чаму б хлопца не заняць самадзейнасцю? Так пачаліся выступленні, але гэта былі пераважна групавыя нумары. Вакальны патэнцыял адчуваўся, і праслухаць хлопца я папрасіла мастацкага кіраўніка Відзаўскага дома культуры Аляксандра Павініча. Здольнасці і артыстычны талент былі заўважаны. Пасля пачаліся заняткі спевамі, а за імі і канцэрты, дзе Уладзіслаў ужо саліраваў. Цяпер ён нават саліст мясцовай узорнай студыі «Фартуна»».

Выступае У. Баравік не толькі на сцэне падчас мерапрыемстваў і канцэртаў у Відзах і каледжы. Ён актыўны ўдзельнік рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю «АРТ-вакацыі», абласных творчых конкурсаў, раённых імпрэз і святочных канцэртаў. Так, напрыклад, у бліжэйшы час Уладзіслава чакае выступленне ў рамках прафарыентацыйнай акцыі ў расійскім Пскове. Рэпертуар выконвае розны, аднак у душы, сам прызнаецца, ён рокер. У вольны час з сябрамі з задавальненнем іграе на электрагітары. Апошнім часам нават задумваецца пра мастацкую адукацыю.

Пакуль жа Уладзіслаў Баравік вучыцца на тэхніка-механіка. І яго творчыя захапленні ніяк не перашкаджаюць вучобе. Кіраўніцтва каледжа адзначае поспехі хлопца і задаволена, што ў іх ёсць такі навучэнец.

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.