Патомны хлебароб Міхаіл Вайтанец — «Чалавек года Браслаўшчыны»

Люди

Механізатар СВК «Маяк Браслаўскі» Міхаіл Вайтанец мае законную падставу лічыць сябе патомным хлебаробам, якім на самой справе і з’яўляецца. Вось і ў час нашай апошняй сустрэчы ён не прамінуў успомніць, як у дзяцінстве дзед расказваў яму пра стварэнне мясцовага калгаса, працу і тагачаснае жыццё. Хлопчыку не верылася, што дзядуля апрацоўваў зямлю на конях, бабуля ўручную рвала лён. Яго ж бацька ўжо працаваў на трактары, і, катаючыся ў кабіне, Міхаіл не мог уцяміць, як гэта можна было на такіх абшарах абыходзіцца без тэхнікі.

Як і для многіх яго аднагодкаў, у тым ліку і малодшага брата Віктара, паездкі разам з бацькам на трактары вызначылі шлях у самастойнае жыццё. Школа, Відзаўскае вучылішча, армія, родная гаспадарка…

Ёсць у працоўнай біяграфіі Міхаіла эпізод, пра які ён заўсёды ўспамінае з усмешкай. У былыя гады кожны камбайнер звычайна ў памочнікі браў свайго сына, калі меў такога. Тады на ўзрост мала хто звяртаў увагу. Хлопчыкі з 5 – 6 класа пачыналі хадзіць у памочніках. Не быў выключэннем і Міхаіл. А гадоў праз 20 сітуацыя карэнным чынам памянялася.

Гаспадарка набыла адразу некалькі новых «Донаў». Тэхніка па тым часе перадавая і больш складаная за сваіх папярэднікаў — «Нівы» і «Енісеі». Камбайны выдзелілі лепшым механізатарам, у ліку якіх былі і Міхаіл з бацькам. Аднак, спасылаючыся на сталыя гады, Вайтанец-старэйшы адмовіўся асвойваць новую тэхніку. І тады яго прызначылі памочнікам камбайнера да сына. Зразумела, што калегі-механізатары не праміналі пакпіць з бацькі, маўляў, дажыўся стары, у сына ў падначаленых ходзіць.

У той год экіпаж Вайтанцаў спрацаваў выдатна, стаў пераможцам калгас- нага спаборніцтва на жніве. Даўно адслужыў сваё і пайшоў на спісанне той «Дон», Міхаіл некалькі гадоў убіраў збожжа на «Палессі», а перад леташняй уборачнай кампаніяй атрымаў новы камбайн, свой жа перадаў брату.

Не толькі на жніве вызначаецца М. Вайтанец сваёй шчырай працай. У час кожнай з сезонных палявых кампаній выводзіць свой МТЗ-1221 на палеткі гаспадаркі, дзе рыхтуе глебу, косіць травы.

А яшчэ патомны хлебароб лічыць, што вясковец павінен мець сваю ўласную гаспадарку. І прыкладам пацвярджае гэта. Сям’я трымае дзвюх кароў, што па цяперашнім часе стала рэдкасцю. Раней жа, калі дазвалялі трымаць свіней, у яго хляве заўсёды рохкаў немалы іх статак.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *