Музейная справа развіваецца

В свободное время

У 2017 годзе Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў наведалі на 2 тысячы чалавек больш, чым у 2016-м.

Музей не толькі экспанаты, а і адукацыя, і пашырэнне кругагляду, і творчыя эксперыменты. Ва ўстанове добра разумеюць гэта, таму плённа працуюць над тым, каб наведвальнікаў станавілася ўсё больш. Музейныя супрацоўнікі не стаяць на месцы, а шукаюць новыя формы прыцягнення людзей. Напрыклад, практыка апошніх гадоў паказвае, што браслаўчане праяўляюць цікавасць да майстар-класаў, таму стала добрай традыцыяй правядзенне заняткаў па выцінанцы, вырабе святочных паштовак, роспісе яек. Часта іх спалучаюць з выстаўкамі і маштабнымі мерапрыемствамі, такімі як «Ноч музеяў» ці «Калядныя ўзоры».

— Радуе, што намаганні калектыву не праходзяць дарма, — кажа дырэктар установы Вольга Антанёнак. — Параўнайце самі. Экскурсіі, лекцыі, музейна-педагагічныя заняткі, майстар-класы, практыкумы, выстаўкі, мерапрыемствы ў 2015 годзе наведалі 43 380 чалавек, у 2016-м — 47 154, у 2017-м — 49 514. Экскурсій, як унутраных, так і выязных, летась мы правялі 658, годам раней — 646.

Лічбы, якія прыводзіць дырэктар у прыклад, несумненна, прыемныя. Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў добра ведаюць у вобласці, а яго супрацоўнікі і майстры адзначаюцца граматамі і дыпломамі на розных узроўнях. Прафесіяналізм і майстэрства, несумненна, дапамагаюць дабівацца годных паказчыкаў у рабоце. Разам з тым музейшчыкі яшчэ і поўныя планаў, каб зрабіць вольны час браслаўчан і гасцей нашага горада больш насычаным і цікавым.

■ Алена НАБЕЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *