Марозныя дні перажылі спакойна

Актуальное

Арганізацыі і прадпрыемствы раёна, увогуле браслаўчане спакойна перанеслі лютаўскія маразы. У звычайным рэжыме працавалі ўстановы адукацыі і аховы здароўя. Не зафіксавана ўсплёскаў пераахалоджвання ці абмаражэння, пажараў.

Не паўплывала нізкая тэмпература паветра на штатную работу кацельняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі: усе катлы на розных відах паліва спраўляліся і вытрымлівалі тэмпературны графік.

Бадай, найбольш клопатаў прамерзлы грунт даставіў браслаўскаму цэху водазабеспячэння «Мёрывода- канала». Адбылося некалькі парываў водаправодаў: у райцэнтры на скрыжаванні вуліц Садовай і 1 Мая, па вуліцах Гогаля і Горкага, у вёсках Ельна і Урбаны.

Па словах начальніка цэха водазабеспячэння Алега Ляскоўскага, да такіх аварыйных сітуацый работнікі водаканала былі гатовы, таму, за выключэннем некалькіх прыватных дамоў, ніхто ў горадзе не застаўся без водаправоднай вады больш за суткі.

У Заборных Гумнах на электродах воданапорнай вежы намерзла глыба лёду і пашкодзіла абсталяванне, таму некалькі дзён вежу даводзілася падпампоўваць уручную, каб забяспечыць вадой навакольныя вуліцы.

Па вуліцы Садовай, 53 А і 57 забіла каналізацыю. Але пакуль не спадуць моцныя маразы, ёсць магчымасць толькі адкачваць сцёкі. Рамонтныя работы пачнуцца адразу, як крыху пацяплее.

Алег Ляскоўскі звярнуў увагу і на такую вось акалічнасць. Некаторыя жыхары аднапавярховых шматкватэрных дамоў пакідаюць на зіму сваё жыллё. Праз памяшканне, якое не ацепліваецца, транзітам праходзіць водаправод. У моцны мароз ён прамярзае і суседзі застаюцца без вады. Каб не даводзіць да такой бяды, гаспадарам дамоў неабходна ў летні час уцепліць трубы.

■ Казімір ПЯТУШКА.