Вядзе да поспеху вучняў і калег

Люди

Кажуць, шчаслівы чалавек той, хто своечасова і правільна выбраў для сябе жыццёвы шлях. Дырэктар Слабодкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ірына Гапон вызначылася з ім яшчэ ў першым класе, калі, проста зачараваная сваёй маладой настаўніцай, вырашыла, што таксама будзе вучыць дзяцей.

Гады ў Лунёўскай васьмігодцы і Слабодкаўскай СШ праляцелі імкліва, застаўся за плячыма гістарычны факультэт БДУ — і вось малады педагог працуе ў Мяжанскай школе. Праз два гады Ірына Іосіфаўна звязала свой лёс з установай адукацыі ў Слабодцы, дзе была намеснікам дырэктара па вучэбнай, потым — па выхаваўчай рабоце. А з 2005 года І. Гапон арганізоўвае жыццё дружнай школьнай сям’і ўжо ў якасці дырэктара.

Гэтая няпростая пасада вымагае ўмення падтрымліваць зносіны з рознымі людзьмі, быць дзесьці патрабавальнай, настойлівай і педантычнай, а недзе — церпялівай і памяркоўнай. Менавіта такая Ірына Іосіфаўна: пры вырашэнні рознага кшталту пытанняў ёй даводзіцца быць і ўдумлівым стратэгам, і знаходлівым тактыкам, што дазваляе спраўляцца з турботамі школьнай гаспадаркі. А гэта дастаткова клопатна: справа датычыцца арганізацыі вучэбнага працэсу, харчавання, добраўпарадкавання тэрыторыі, вырашэння разнастайных гаспадарчых пытанняў і нават міжнароднага супрацоўніцтва. Дзякуючы ж граматнаму кіраўніцтву ў Слабодкаўскай школе зручна і ўтульна.

Ірына Гапон — сучасны кіраўнік і лічыць, што работа з дзецьмі патрабуе пастаяннага ўдасканалення і працы над сабой, каб не адставаць ад жыцця, адпавядаць сённяшняму пакаленню, а таму і цяпер не перастае вучыцца — па кнігах, у калег. Заўсёды прыязна сустракае маладых настаўнікаў, спадзеючы- ся, што яны прынясуць у школу новыя ідэі і тэхналогіі.

Не скардзіцца на абставіны, а шукаць умовы для паспяховай дзейнасці ці ствараць іх самастойна — такога прынцыпу прытрымліваецца Ірына Іосіфаўна. Напрыклад, прыняла ўдзел у раённым этапе абласнога конкурсу «Кіраўнік года – 2016» і атрымала дыплом лаўрэата ў намінацыях «Лепшае эсэ пра сябе» і «Лепшая педагагічная парада». Праз эфектыўнае кіраўніцтва і асабісты прыклад вядзе яна сваіх вучняў і калег да лепшых паказчыкаў. І гэта ў абаяльнага ды творчага дырэктара атрымліваецца.

Зразумела, што ў прафесіі педагога ёсць свае цяжкасці, але іх І. Гапон успрымае спакойна: свет жа ўвогуле не ідэальны, а плюсы работы з дзецьмі ўсё пераважваюць. Тым больш што сям’я з разуменнем адносіцца да яе захопленасці працай, ва ўсім дапамагае і падтрымлівае. Дырэктар у школе, дома гэта клапатлівая мама, якая дапамагае сыну з урокамі, і ўвішная гаспадыня, што любіць гатаваць і займацца агародам. Яна аптымістычна глядзіць на свет, бо ў жыцці заўсёды ёсць месца чамусьці добраму: калі сёння не склалася ў цябе, то атрымалася ў суседа.

Акрамя таго, Ірына Гапон прымае актыўны ўдзел у жыцці раёна, з 2006 года з’яўляецца дэпутатам Слабодкаўскага сельсавета, а сёлета абрана ў раённы Савет. За гады сваёй дзейнасці яна вырасла ў паспяховага кіраўніка, што не засталося незаўважаным. Так, у 2016 годзе Ірына Іосіфаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама, у 2017 — Граматай раённага Савета дэпутатаў, а ў гэтым ёй прысвоена пачэснае званне «Чалавек года Браслаўшчыны».

Педагогі і навучэнцы Слабодкаўскай школы з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі шматлікіх конкурсаў і спаборніцтваў. Дасягненні маюцца ў алімпіядным руху, даследчай рабоце, інтэрнэт-турнірах. Толькі мінулы год прынёс у скарбонку ўзнагарод установы 4 дыпломы раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 2 дыпломы навукова-практычнай канферэнцыі, 1 — міжнароднага конкурсу па інфарматыцы і яшчэ 2 — абласнога інтэрнэт-турніру па біялогіі.

■ Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *