Браслаўчане Валерый і Ірына Кароткія: камфортна жыць можна і на сяле

Люди Экономика и финансы

Уласная гаспадарка — гэта бесперапынная цяжкая праца, і толькі дбайныя гаспадары за свой клопат могут разлічваць на шчодрую аддачу.

Работа на падвор’і і догляд за жывёлай арганічна «ўплецены» ў штодзённы побыт і сям’і Кароткіх з в. Крамы Слабодкаўскага сельсавета. Для Ірыны і Валерыя гэта асноўная крыніца даходаў. Каб мець прыбытак, яны рупліва завіхаюцца літаральна з ранку да ночы. Тым не менш прыемна здзівілі адносіны суразмоўцаў да свайго, здавалася б, нялёгкага жыцця.

— Няма на што скардзіцца, — кажа В. Кароткі, — жывём на хутары, так сказаць, ад цывілізацыі даволі далёка, адзіны выхад — уласная гападарка.

Трэба адзначыць, што яна даволі вялікая: пяць кароў, амаль паўсотні курэй, некалькі свіней, бык, конь. З вясны да восені гаспадары завіхаюцца на зямельным участку: вырошчваюць збожжавыя, садавіну і агародніну, нарыхтоўваюць сена. Да таго ж Ірына разводзіць на продаж туі, паспявае ўлетку ўпрыгожыць панадворак стракатымі кветнікамі. Дзякуючы Валерыю, які з задавальненнем даглядае пасеку, на стале заўсёды духмяны мядок.

Каб паспець абысці хлявы, падаіць, пакарміць усю жывёлу, трэба ўстаць на золку, кожнай кароўцы абавязкова слова ласкавае сказаць. Аднак муж і жонка, з дзяцінства прывучаныя да сялянскай працы, не засяроджваюцца на будзённай аднастайнасці і не дзеляць работу паміж сабой. Ды і ў паездкі адпускаюць адзін аднаго. Так, Ірына разам з дзецьмі нядаўна гасцявала ў родных у Пецярбургу.

Трымаць вялікую гаспадарку, адзначае Ірына, даволі складана, бо даводзіцца быць і аграномам, і жывёлаводам, і менеджарам, і маркетолагам.

Безумоўна, праблем у сям’і хапае, асабліва з рынкам збыту, але мае суразмоўцы без асаблівых скаргаў прымаюць рэаліі жыцця.

Разнастайная тэхніка, якую ў большасці сабраў сам Валерый, значна аблягчае работу руплівай сям’і. Але ж большую надзею бацькі ўскладваюць на дзяцей. Кожную вольную хвіліну ім на дапамогу прыязджаюць студэнты: сын — з Мінска, а дачка — з Віцебска.

Уладкаваны быт сям’і Кароткіх пацвярджае, што жыць на хутары ў хаце з усімі гарадскімі выгодамі магчыма. Прыгожы сучасны інтэр’ер пакояў, зручная мэбля, гарачая вада, душ — усё гэта ў іх ёсць.

Акрамя сваіх клопатаў, Ірына выконвае яшчэ абавязкі старэйшыны бліжэйшых вёсак. Паспявае яна купіць лекі і прадукты для пенсіянераў, заплаціць падаткі за дачнікаў, дагледзець зімой іх хаты.

На маё пытанне, ці памянялі б Ірына і Валерый сялянскае жыццё на гарадское, яны дружна адказалі «не». Прастор палёў і лугоў, прыгажосць навакольнай прыроды для іх больш важныя, а ўласная гападарка стала часткай жыцця.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.