Ці разлічыліся браслаўчане за спажытую электраэнергію?

Экономика и финансы

Па інфармацыі Мінэнерга, беларусы спажылі ў 2017 годзе энергіі на суму 8 360,3 млн руб., пры гэтым 99,2 % спажыўцоў аплацілі гэтыя паслугі. Запазычанасць за пастаўленую энергію па стане на 1 студзеня склала 933,5 млн руб. А як на агульнарэспубліканскім фоне выглядаюць браслаўчане?

Інжынер Браслаўскага вытворча-збытавога ўчастка энергазбыта Аляксандр Кезік паведаміў, што за мінулы год грамадзяне і арганізацыі раёна спажылі электраэнергіі на 8 602 428 руб., аплацілі ж яе на суму 8 002 749 руб., ці 93 %. Недаплата склала 599 679 руб. Разлікі браслаўчан за энергію крыху перавысілі сярэднія паказчыкі па Глыбоцкім аддзяленні энергазбыта (92,5 %), але яны меншыя, чым у цэлым па Віцебскай вобласці (98,3 %).

Цалкам разлічыліся за энергію арганізацыі, якія фінансуюцца з бюджэту, прамысловыя прадпрыемствы, а сельскагаспадарчыя — толькі на 65,6 %.

Бытавыя абаненты аплацілі спажытую электраэнергію на 99 %, прычым на 1 546 966,58 руб. (без уліку ПДВ) па тарыфе, які субсідзіруецца дзяржавай, і толькі на суму 181 715,96 руб. браслаўчане не ўклаліся ў такія тарыфы. Па словах А. Кезіка, большасць грамадзян своечасова разлічваюцца за электрычнасць, але ёсць і такія, хто не даплачвае ці ўвогуле ігнаруе аплату. Да ўсіх неплацельшчыкаў прымаюцца меры ўздзеяння: пры неаплаце за 2 і больш разліковыя перыяды дамы ці кватэры адключаюцца ад электрасеткі. Так, за 2017 год было адключана 85 абанентаў. Калі ж грамадзяне не жадаюць добраахвотна пагашаць запазычанасць, то матэрыялы па такіх абанентах накіроўваюцца ў натарыяльную кантору для прымусовага спагнання. Такім чынам усяго за мінулы год было прад’яўлена да спагнання запазычанасці на суму 3 298,63 руб. з 33 неплацельшчыкаў.

Між іншым, трэба мець на ўвазе, што падключэнне да электрасеткі пасля пагашэння запазычанасці выконваецца толькі ў выніку аплаты гэтага дзеяння. З 1 лютага сума паслугі складае 24,06 руб.

За 12 месяцаў мінулага года інспектары браслаўскага энергазбыта саставілі 79 актаў па фактах безуліковага спажывання электраэнергіі, у тым ліку 46 — у бытавым сектары і 33 — у арганізацыях. Увогуле ўтоенай магутнасці выяўлена 675 060 кВт·г на суму 166 657,10 руб., 92 % няўлічанай электраэнергіі ўжо аплачана.

З 1 студзеня 2018 г. устаноўлены новыя тарыфы на электраэнергію для насельніцтва. Так, для жылых дамоў (кватэр), абсталяваных ва ўстаноўленым парадку сістэмамі цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і прыродным газам пры спажыванні да 150 кВт·г тарыф складае 0,1433 руб., ад 150 да 300 кВт·г уключна — 0,1841 руб., звыш 300 кВт·г — таксама 0,1841 руб., што адпавядае тарыфу, які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат (для параўнання: у 2017 г. тарыф, які забяспечваў поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, складаў 0,19 руб.).

■ Казімір ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *