Мова — душа народа

Калейдоскоп

У календары ёсць такое свята — Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. ЮНЕСКА абвясціла яго дзеля тых моў свету, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, каб менавіта ў гэтую памятную дату на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

У Браслаўскай гімназіі 21 лютага таксама адбылося свята «Мова — душа народа». Цёплымі і шчырымі словамі навучэнцы ўстановы выказвалі сваю любоў да мовы, якая з’яўляецца плёнам працы многіх пакаленняў, люстэркам духоўнага жыцця, нашым галоўным нацыянальным скарбам, заклікалі прысутных усвядоміць значнасць і неабходнасць захавання традыцый, гісторыі і культуры свайго народа.

Пявучая, мілагучная мова гучала з вуснаў гімназістаў і гасцей свята ў песнях, вершах, трапных выслоўях. Ва ўтульнай атмасферы актавай залы прамаўляліся палымяныя прызнанні: мова — вопратка душы, мова — сіла і натхненне, мова — жыццё народа.

Сябры літаратурнага аб’яднання «Ветразь надзеі» Данііл Валчок, Вольга Ляснеўская і Людміла Патапенка з задавальненнем прачыталі ўласныя вершы на беларускай мове, падзяліліся сваімі думкамі і марамі, звярнуліся да маладога пакалення са шчырымі пажаданнямі. Таксама ўпрыгожы- ла мерапрыемства музычнае прывітанне ад супрацоўнікаў Опсаўскага дасугава-літаратурнага цэнтра.

Асаблівымі зорачкамі ззялі на свяце самі навучэнцы гімназіі, што стварылі такую цёплую і ўтульную атмасферу. Напрыклад, таленавітая пяцікласніца Соф’я Трашчынская ўразіла прысутных сваім цудоўным вершам.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо як няма народа без мовы, так няма і мовы без яе носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова — жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

Будзьце і вы разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы. Размаўляйце па-беларуску, па-нашаму, размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах — і нашай мовай захочуць гаварыць іншыя. I не саромцеся недасканалай гаворкі. Ведайце: учора вы яшчэ не гаварылі па-беларуску, сёння размаўляеце на «трасянцы», а заўтра будзеце гаварыць на чыстай літаратурнай мове.

■ Людміла ПАТАПЕНКА,

настаўніца беларускай мовы і

літаратуры Браслаўскай гімназіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *