Крымінальнаму вышуку – 100 гадоў

Власть и общество

Стагадовы юбілей адзначыць сёлета адно з найважнейшых падраздзяленняў у структуры Міністэрства ўнутраных спраў нашай краіны — крымінальны вышук. На працягу года ў сістэме будуць ладзіцца разнастайныя мерапрыемствы. Безумоўна, не застанецца ў баку ад урачыстасцей і наш раённы аддзел міліцыі. Першая з нагоды юбілейнай даты сустрэча ветэранаў оперупаўнаважаных з кіраўніцтвам Браслаўскага РАУС і цяперашнімі супрацоўнікамі аддзялення адбылася на мінулым тыдні.

Ветэраны крымінальнага вышуку, якія на працягу многіх гадоў аддавалі свае сілы, энергію, часам рызыкуючы жыццём, раскрывалі сур’ёзныя цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, уносяць неацэнны ўклад у памнажэнне і захаванне пераемнасці традыцый. Падобныя сустрэчы ў РАУС праводзяцца штогод з мэтай выхавання годнай змены, і іх смела можна назваць сяброўскімі.

Былыя супрацоўнікі прайшліся па знаёмых кабінетах, пагутарылі з маладымі і ўжо вопытнымі оперупаўнаважанымі, якія працуюць цяпер на іх месцах, сустрэліся з начальнікам РАУС Вячаславам Грышчанкам. Ён у сваю чаргу адзначыў, што служба ў крымінальным вышуку ніколі не была лёгкай: тут працавалі і працуюць тыя, для каго такая цяжкая прафесія стала сэнсам жыцця, хто ўжо даўно забыўся, што такое выхадныя і святы, здольныя суткамі літаральна па крупіцах збіраць інфармацыю і высочваць парушальнікаў закона.

Маладыя супрацоўнікі праявілі інтарэс да вопыту ветэранаў службы, падзяліліся думкамі пра перайманне метадаў аператыўнай работы. Ветэраны ж пажадалі цяперашнім оперупаўнаважаным пастаяннага ўдасканалення прафесіяналізму, умацавання службовай дысцыпліны і творчых адносін да работы. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.