Катацца на лыжах — добра і для здароўя, і для настрою

В свободное время

Катанне на лыжах — адзін з цудоўных зімовых заняткаў. У дадатак гэта магчымасць адпачыць ад працоўных і хатніх клопатаў, а таксама дадаткова ўмацаваць свой арганізм.

КАРЫСЦЬ

Лыжныя прагулкі валодаюць рознымі карыснымі якасцямі. Так, адна з іх — загартоўваць. Заняткі гэтым відам спорту ўмацоўваюць сэрца, мышцы, спрыяльна ўздзейнічаюць на нервовую і дыхальную сістэмы. Хадзьба на лыжах — ідэальны спосаб прывесці сваю фігуру ў парадак і «скінуць» лішнія кілаграмы. Толькі за час заняткаў можна пазбавіцца ад 400-500 калорый. Памятайце і пра тое, што спорт заўсёды пазбаўляе дрэннага настрою.

ЭКІПІРОЎКА

Адзенне для заняткаў павінна быць зручным. Падбірайце яго, зыходзячы з тэмпературы за акном. Але ў любым выпадку на вас павінны быць тры слаі адзення, на ногі хопіць два. На рукі надзеньце пальчаткі, а на галаву — зручную шапку, не занадта цёплую. Самае галоўнае — лыжы, палкі і чаравікі. Цяпер іх багаты выбар. Кошт у інтэрнэт-магазіне пачынаецца ад 50 рублёў за пару лыж для дарослых, а для дзяцей — ад 30. Калі вы не плануеце іх набываць, то можна ўзяць за невялікую плату ў мясцовым пракаце ад РФСК «Дрывяціч».

ЛЫЖНАЯ ПРАГУЛКА

Выбірайце такі маршрут для катання, каб ён прыносіў вам задавальненне. Лепш за ўсё адпраўляцца на падрыхтаваную лыжню. Добра, калі яна будзе спалучаць розныя віды трасы. У Браславе, напрыклад, такая існуе ў лясным масіве ў Заборных Гумнах, дзе хапае спускаў, пад’ёмаў і роўнай трасы. Аматары лыжных вандровак таксама часта катаюцца ў Леснічоўцы і каля возера Бярэжжа.

■ Падрыхтавала Алена НАБЕЕВА.

 

 МЕРКАВАННЕ:

Настаўнік фізічнай культуры СШ № 2 Аляксей САЛАК:

— Вядома, гэта добры спосаб актыўнага ладу жыцця. Важна добра падрыхтавацца, падабраць адзенне, правільна выбраць растоўку лыж і палак. Неабходна сачыць за часам заняткаў, лепш пачынаць пакрыху, а далей арыентавацца на свае адчуванні. Немалую ролю адыгрывае надвор’е. Аптымальнае — невялікі мароз, адсутнасць ветру.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *