Браслаўчане трапілі на абласны этап конкурсу на лепшы турыстычны паход

Спорт и здоровье

Завяршыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу на лепшы турыстычны паход «Пазнай Радзіму — выхавай сябе». Яго пераможцы будуць прадстаўляць Браслаўшчыну на абласным этапе ў Віцебску.

Штогод юныя краязнаўцы і турысты пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў ходзяць у паходы. Па іх выніках яны рыхтуюць справаздачы з фотаздымкамі і маршрутамі.

— Браслаўскія педагогі ўмеюць зацікавіць дзяцей. У сваіх вандроўках яны кожны раз адкрываюць малую радзіму нанова. Кіраўнікі турыстычных гурткоў водзяць сваіх выхаванцаў у пешыя, водныя, веласіпедныя паходы. Падчас іх яны наведваюць месцы баявой славы, наводзяць парадак на воінскіх пахаваннях, вывучаюць гісторыю і геаграфію раёна, — адзначае загадчык аддзялення дадатковай адукацыі Браслаўскага ЦДіМ Ала Лук’янец. — Сёлета на абласны этап мы адпраўляем тры справаздачы. Гэта катэгарыйны камбінаваны паход «Тры стыхіі» ЦДіМ, дзе спалучаюцца 3 віды турызму (яго правялі Міхаіл Ставіцкі і Вячаслаў Кроп), велапаход дзяцей Ахрэмаўскай школы пад кіраўніцтвам Алены Арцімовіч і Яны Багдановіч, а таксама пешы вучняў Слабодкаўскай СШ, які арганізоўваў Уладзіслаў Кароль — педагог дадатковай адукацыі ЦДіМ.

Увогуле вандроўкі браслаўскіх турыстаў заўсёды трапляюць у прызёры. Так, летась адразу тры паходы былі адзначаны дыпломамі. Першае месца сярод водных заняў У. Кароль з вучнямі Слабодкаўскай школы, другое месца сярод веласіпедных — А. Арцімовіч з ахрэмаўскімі школьнікамі, а трэцяе месца сярод пешых атрымаў Аляксей Салак з вучнямі школы № 2.

У ЦДіМ выказваюць спадзяванні, што сёлетнія пераможцы раённага этапа таксама не застануцца незаўважанымі ў Віцебску. ■