У Браславе стартавала акцыя «Віцебшчына юбілейная»

Новости

Сёлета Віцебская вобласць, як, дарэчы, і некалькі іншых рэгіёнаў нашай рэспублікі, адзначае свой 80-гадовы юбілей. З гэтай нагоды на Браслаўшчыне запланавана шмат святочных і пазнавальных мерапрыемстваў.

І першай ва ўрачыстае святкаванне ўлілася цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна, супрацоўнікі якой да 80-годдзя з дня ўтварэння Віцебскай вобласці падрыхтавалі шэраг культурных імпрэз. Так, на працягу года тут будуць праходзіць творчыя вечарыны, чытанні, агляды літаратуры, інфармацыйныя гадзіны, запрацуюць кніжныя выставы. Таксама браслаўчан чакаюць сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія ў прамым сэнсе пісалі гісторыю Віцебшчыны.002

У знакавы для вобласці дзень — 15 студзеня — дала старт усім гэтым мерапрыемствам акцыя «Віцебшчына юбілейная». Гонар пачаць яе быў прадастаўлены спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама. Супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы з незвычайнай картай Віцебшчыны і рэкламным матэрыялам па тэме завіталі ў аддзел і падзяліліся цікавай і карыснай інфармацыяй.

У прывітальным слове дырэктар бібліятэчнай сістэмы Вольга Ляснеўская пазнаёміла прысутных з запланаванымі да вышэйназванай даты мерапрыемствамі, засяродзіла ўвагу на значнасці гэтай падзеі для вобласці і раёна. Бібліёграф цэнтральнай бібліятэкі Таццяна Бешлі-Аглы прывяла некаторыя цікавыя і важныя факты пра Віцебшчыну, а потым са своеасаблівых пазлаў-раёнаў прапанавала скласці карту Віцебскай вобласці. З запалам супрацоўнікі аддзела выканалі задачу, узгадваючы цікавыя звесткі пра кожны раён.003

Словам, старт святкаванням юбілею Віцебскай вобласці дадзены. Акцыя працягнецца ў арганізацыях і на прадпрыемствах, у цэнтральнай і дзіцячай бібліятэках горада.

Сёння Віцебшчына — гэта 21 раён, 19 гарадоў: самыя буйныя — Віцебск, Орша, Полацк, Наваполацк. Тэрыторыя вобласці складае 40,1 тысяч квадратных кіламетраў, насельніцтва — 1 млн 187 тысяч 983 жыхары. Віцебшчыну называюць «беларускай Швейцарыяй», «блакітнай жамчужынай» краіны. Яна славіцца ўнікальнай маляўнічай прыродай, шырокімі ляснымі масівамі, натуральнымі балотнымі ўгоддзямі. Для яе характэрны багаты, разнастайны жывёльны і раслінны свет, вялікая колькасць помнікаў прыроды і запаведных мясцін.

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.