У Маладзёжную палату пры раённым Савеце дэпутатаў абралі Мікіту Марозава

Люди

Бясспрэчна, у сучаснай моладзі шмат магчымасцей для самарэалізацыі. Галоўнае — не стаяць на абочыне жыццёвай дарогі, а смела раскрываць свае здольнасці. І трэба адзначыць, што ў школах раёна нямала таленавітых, ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат. Сярод іх — выпускнік гімназіі Мікіта Марозаў.

А лепшае таму пацвярджэнне тое, што яго абралі ў Маладзёжную палату пры раённым Савеце дэпутатаў.

— Вельмі ўдзячны педагогам і вучням гімназіі за аказаны мне давер, — кажа юнак. — Аднак гэта і вялікая адказнасць.

Таму не ў яго характары быць у баку ад грамадскіх спраў установы адукацыі. Мікіта з задавальненнем удзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах, штогод прадстаўляе гімназію на разнастайных конкурсах і спаборніцтвах.

Адзінаццацікласнік сябруе са спортам і ў вольны час займаецца футболам, баскетболам і атлетычнай гімнастыкай. Фізічная загартоўка, упэўнены юнак, дапаможа ў дасягненні жыццёвай мэты.

Прыгожа глядзіцца Мікіта і на сцэне падчас выступленняў. У яго добры голас, таму хлопец з радасцю дорыць свае песні слухачам.

Ёсць у М. Марозава яшчэ адно захапленне — фатаграфія. Розныя рэчы прыцягваюць увагу адоранага юнака. У яго фотаальбоме шмат партрэтаў сяброў і знаёмых, прыгожых пейзажаў, незвычайных ракурсаў з паўсядзённага жыцця. Нават падчас прагулкі па горадзе хлопец заўсёды знаходзіць што-небудзь цікавае, каб сфатаграфаваць.

Свае работы Мікіта размяшчае на старонках у сацыяльных сетках, выстаўляе на раённых конкурсах, дзе неаднойчы быў пераможцам.

Пасля заканчэння гімназіі М. Марозаў марыць стаць праграмістам. І апошні вучэбны год для яго асабліва напружаны, бо шмат часу аддае на падрыхтоўку да выпускных экзаменаў і ЦТ. Пры гэтым паспявае дапамагаць бацькам у хатніх справах. Добрыя словы ў адрас актывіста выказваюць і настаўнікі ўстановы адукацыі.

Мэтанакіраваны і дзейны хлопец выпрацаваў для сябе некалькі жыццёвых прынцыпаў, якіх і прытрымліваецца: з карысцю выкарыстоўваць кожную хвіліну новага дня, цаніць добрыя зносіны з блізкімі людзьмі і ўпарта ісці да дасягнення сваёй мэты.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.