Спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях

Здоровье

IMG_6073У рамках раённай круглагадовай турыяды на базе Слабодкаўскай школы адбыліся спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях, арганізатарам якіх выступіў Браслаўскі ЦДіМ.

Спартыўная зала ўстановы даўно мае спецыяльнае абсталяванне для трэніровак юных турыстаў. Тут неаднаразова праводзіліся адпаведныя спаборніцтвы, але гэтым разам на іх сабралася рэкордная колькасць удзельнікаў — каля 80 школьнікаў. Пятнаццаць каманд з сямі ўстаноў адукацыі выставіліся на зімовае першынство раёна.

Праграма спаборніцтваў складалася з дэманстрацыі пачатковых турысцкіх навыкаў, праверкі ведаў тапаграфічных знакаў, тэсту па краязнаўстве. Усе каманды былі падзелены на дзве ўзроставыя групы.

Турысты з СШ № 1, Ахрэмаўскай, Опсаўскай, Друйскай,IMG_6044 Відзаўскай, Кансталінскай і Слабодкаўскай школ з цікавасцю і задавальненнем узяліся за выкананне заданняў. На працягу некалькіх гадзін хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна адказвалі на пытанні, «уключалі» дапытлівасць і праяўлялі кемлівасць, і самае галоўнае — дэманстравалі свае ўменні на турыстычнай паласе перашкод.

Па выніках спаборніцтва былі вызначаны яго пераможцы і прызёры. Так, у старэйшай групе першае месца падзялілі турысты са Слабодкі і Ахрэмаўцаў, у сярэдняй лепшы вынік паказалі таксама слабодкаўскія прадстаўнікі.

Сярод дэлегацый устаноў адукацыі месцы размеркаваліся наступным чынам: першае заняла Слабодкаўская школа, другое і трэцяе — Ахрэмаўская і Опсаўская.

■ Алена НАБЕЕВА.