Перадсвяточная дэгустацыя прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Браслаўшчыны

Калейдоскоп

6667Напярэдадні Калядаў і Новага года прамысловыя прадпрыемствы Браслаўшчыны — цэх па вырабе сыру і хлебазавод — правялі дэгустацыі ўласнай прадукцыі ў найбуйнейшых магазінах горада.

Дэгустацыі праходзілі ў аўторак і пятніцу ў ТЦ «Віталіч» і супермаркеце «Евроопт». Многія браслаўчане, безумоўна, добра ведаюць асартымент сваіх вытворцаў, аднак узнавіць смак некаторых відаў прадукцыі і даведацца пра новыя заўсёды карысна. Акрамя таго, гасцям раёна — латышам і літоўцам — таксама цікава паспрабаваць, што ядуць суседзі, а ўпадабанае прыхапіць у якасці гасцінца.4657

Падыходзячы да малочнага аддзела, пакупнікі не абміналі дэгустацыйны столік цэха, дзе прапанаваліся сыры — «Канталі», «Браславль», «БелаРусь-экстра», а таксама тварожны крэм «Браслаўскі пачастунак» з рознымі дабаўкамі. Лепшай пахвалой для вытворцаў былі словы «…ммм, як смачна». Дарэчы, у гэтыя дні браслаўскія сыры можна было набыць з істотнай зніжкай, што многія і рабілі.

555Браслаўскія хлебапёкі прадставілі на дэгустацыі вельмі шырокі асартымент прадукцыі: усяго каля 20 відаў. Пакупнікі змаглі пакаштаваць хлеб, булкі, сухарыкі, кексы, пірожныя, коржыкі, торты. Безумоўна, самымі добразычлівымі дэгустатарамі сталі дзеці. Паласавацца саладосцямі ім было ў радасць. А вось бацькі не выходзілі без пакупкі.

Відавочна, што такія мерапрыемствы праводзіць карысна для абодвух бакоў: пасля іх можна не сумнявацца — браслаўская прадукцыя абавязкова будзе на святочным стале.

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.