Пра што пісала «Браслаўская звязда» 35 гадоў таму назад (снежань 1982-га)

Калейдоскоп

НОВАЯ РАДАСЦЬ

Пяць гадоў таму назад у Пагошчы адкрыўся дзіцячы садзік. Многія з недаверам паглядалі на новую ўстанову: маўляў, як там будуць расці дзеці, ці не будуць хварэць, ці дагледзяць іх як след чужыя людзі. Тыя ж, хто ўладкаваў сыноў і дачок у сад, радаваліся, бо клапоцяцца пра малых добра, а кормяць нават лепш, чым дома. Сёлета ж арганізавалі яшчэ і ясельную групу.

РАЗЫШЛІСЯ СЛОВЫ СА СПРАВАЙ

Рабяты з энтузіязмам збіраюць макула- туру, бляшанкі, каструлі, іншыя рэчы і вераць дарослым, што гэта важная справа. А вось вучням Браслаўскай СШ работнікі нарыхтоўчай канторы загадалі прыязджаць з сабраным у наступным годзе, маўляў, план ужо выкананы. Калі словы адных разыходзяцца са справай другіх, цяжка спадзявацца на эфектыўнасць працоўнага навучання.

ІМКЛІВЫ ЎЗЛЁТ

Грандыёзныя змены адбыліся за апошнія гады ў Плюскім сельсавеце. Калі ў канцы 50-х усе работы выконваліся ўручную, у дамах не было электрычнасці, раскошай лічыўся веласіпед, то цяпер у калгасах з’явілася магутная тэхніка, а нашы людзі жывуць заможна. Дастаткова сказаць, што ў жыхароў сельсавета ў асабістым карыстанні 80 легкавых аўтамабіляў і 324 матацыклы.

БУДЗЬЦЕ ЎВАЖЛІВЫМІ

Работнікі ДАІ з пачатку года выявілі 2 030 выпадкаў парушэння правілаў дарожнага руху, прычым 549 вадзіцеляў затрыманы ў нецвярозым стане. Нягледзячы на прымаемыя меры, сёлета ў раёне здарыліся 34 аварыі, у выніку чаго 3 чалавекі загінулі і 31 атрымаў раненні. Усе гэтыя факты сведчаць пра яшчэ нізкую транспартную дысцыпліну на вуліцах і дарогах.

ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТЫ — З ДЗЯЦІНСТВА

У піянераў Плюскай школы многа сяброў за межамі рэспублікі. Даўняя дружба звязвае іх з вучнямі Вецборнскай школы Краслаўскага раёна Латвійскай ССР, сёлета рабяты завялі перапіску з аднагодкамі з Вырускай школы Эстонскай ССР, маюць яны шмат завочных сяброў сярод піянераў Хенаўскай школы з ГДР. Дзеці разумеюць, што дружба народаў свету — залог міру на зямлі.

РАСТУЦЬ, ПРЫГАЖЭЮЦЬ ВЁСКІ

З году ў год павялічваецца колькасць жыхароў у цэнтральным пасёлку калгаса імя Кірава — Цяцерках. Цяпер іх налічваецца каля 200. Прычым характэрна, што насельніцтва амалоджваецца. На ўскрайку пасёлка не так даўно выраслі тры 2-павярховыя дамы з кватэрамі з усімі зручнасцямі. Людзі, асабліва маладыя, з ахвотай прыязджаюць сюды, цягнуцца да культуры, ведаў.

КАРТА ПАДВОДНЫХ СКАРБАЎ

Раскопкі ў возеры Неспіш паказалі, што частка старажытнага паселішча Маскавічы знаходзіцца пад вадой. Гэта крэпасць X — XIII стст. стала першым пунктам, адзначаным на карце падводных гісторыкаархеалагічных помнікаў, якую складаюць у Дзяржаўным музеі Беларусі. Там створана экспедыцыя падводных даследаванняў, якая ўжо знайшла ў Заходняй Дзвіне Барысаў камень.

НАВАГОДНЯЯ «КІНАПАНАРАМА» І «БЛАКІТНЫ АГЕНЬЧЫК»

На цэнтральным тэлебачанні ідуць здымкі навагодняга выпуску «Кінапанарамы». Гледачоў чакаюць сюрпрызы: Леанід Філатаў прачытае свае паэтычныя пародыі, Мікалай Бурляеў — вершы, Людміла Гурчанка праспявае новыя песні. Вядомыя артысты тэатра і кіно, савецкай і зарубежнай эстрады прымуць таксама ўдзел у традыцыйнай перадачы «Блакітны агеньчык».

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.