Ідэолагі падсумавалі работу і зрабілі вывады

Калейдоскоп

1Раённы семінар ідэолагаў адбыўся ў мінулую пятніцу. На сустрэчы абмеркавалі шырокае кола пытанняў: ад выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў да работы адказных за ідэалагічны напрамак на месцах. У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка.

Ідэолагі — галоўныя праваднікі дзяржаўнай палітыкі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Менавіта яны даносяць да людзей важнасць і неабходнасць выканання тых ці іншых задач, і менавіта яны ў першую чаргу павінны бачыць настрой і праблемы ў калектыве. Таму яшчэ напачатку семінара да прысутных звярнулася загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Вераніка Сінькевіч. Яна адзначыла, што за бягучы перыяд года колькасць зваротаў браслаўчан у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь павялічылася на 90 %, у абласныя інстанцыі — на 40 %. Аднак парадокс у тым, што большасць скаргаў магла быць вырашана і вырашалася на месцы без прыцягнення ўвагі вышэйстаячых органаў улады, а некаторыя звароты зусім не мелі пад сабой ніякіх падстаў. Так было з быццам бы закрыццём бані ў Відзах ці са спыненнем работы рэнтгенапарата там жа. І справа не ў тым, што сапсавалася статыстыка зваротаў, а ў тым, што насамрэч няведанне настрою людзей выліваецца ў нейкую нерэальную карціну. Таму просьбы быць бліжэй да сваіх калег, вывучаць іх думку гучалі вельмі абгрунтавана.

Чарговым этапам праверкі ідэалагічных работнікаў стануць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Падрабязна пра ход кампаніі на Браслаўшчыне расказала начальнік арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Святлана Лаўрыновіч. Ужо створаны і працуюць акруговыя і раённая камісіі па выбарах, хутка пачнуць работу ініцыятыўныя групы кандыдатаў у дэпутаты. Тут задача ідэолагаў — растлумачыць у калектывах пра саму выбарчую кампанію: каго і куды браслаўчанам трэба абраць. Вольга Вялічка звярнула ўвагу прысутных на своечасовае абнаўленне запатрабаванай інфармацыі па выбарах, больш шчыльную работу з людзьмі падчас адзіных дзён інфармавання насельніцтва.

Дарэчы, неад’емнасць і важнасць такой формы работы, як АДІ, пракаменціравала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Каладынская. У наступным годзе назапашаны ў гэтым накірунку вопыт будзе яшчэ больш запатрабаваны, а дзейнасць ініцыятыўных груп актывізавана. Прычым ідэолагі самі павінны падказваць тэмы, якія хвалююць калектывы і якія неабходна абмеркаваць.

Поспехі і дасягненні ў культурнай сферы адзначыла спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Новікава. Сёлета ў гэтым напрамку ў нас ёсць узнагароды як раённага, так і абласнога ўзроўню. Ідэолагам яна падзякавала за актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна і выказала спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва.

Удзельнікі семінара таксама разгледзелі яшчэ шэраг арганізацыйных пытанняў. Вынікі работы падвяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Чагарына: «Ідэолагі — гэта правая рука кіраўніцтва ў кожнай арганізацыі ці на прадпрыемстве. Таму гэтай пасадзе трэба адпавядаць: быць у курсе самых важных падзей, ведаць атмасферу ў калектыве і граматна рэалізоўваць дзяржаўную палітыку ў раёне. У наступным годзе трэба актывізавацца і працаваць над праблемнымі момантамі».

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара