Святлана Баярун: «Прывагі закладваюцца на дарошчванні»

Деньги Люди

Па вытворчых паказчыках комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ «Агравідзы» сярод 79 такіх у рэспубліцы ўпэўнена трымаецца ў моцных серадняках. Нягледзячы на ўсе намаганні кіраўніцтва гаспадаркі, калектыву жывёлаводаў, які ўзначальвае Святлана Баярун, дабівацца больш высокіх прываг, а за кошт гэтага і скарачэння тэрміну гадоўлі, даволі складана. Яно і зразумела: памяшканні і інфраструктура комплексу ўзводзіліся ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя, пад тагачасныя тэхналогіі ўтрымання і кармлення, таму практычна няма магчымасцей дагнаць тыя, што будаваліся ўжо ў двухтысячных гадах.2

Але, нягледзячы на складанасці, жывёлаводы гэтай «фабрыкі» мяса імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб нарошчваць аб’ёмы вытворчасці. Адзін з важнейшых крокаў на гэтым шляху — наладжванне эфектыўнага догляду і кармлення маладняку на стадыі дарошчвання. Вядома, што вырасціць добрую карову можна толькі песцячы цялушачку з дня яе нараджэння. Прыкладна тых жа адносін патрабуюць і бычкі. Калі яны змалку «закажанеюць», пазней адкарміць іх будзе складана. Таму даглядаць групы дарошчвання на комплексе давяраюць самым адказным і спрактыкаваным жывёлаводам. У ліку такіх і Людміла Гламбоцкая, якая прызнана пераможніцай раённага спаборніцтва па выніках работы за 10 месяцаў.

Пад апекай жанчыны і дзвюх яе напарніц — 400 галоў маладняку. Свой рабочы дзень Людміла пачынае не з кармлення цялят і не прыбірання клетак. Першаперш яна абходзіць сваё шматлікае «войска» і спрактыкаваным вокам вызначае фізіялагічны стан жывёлы. Цялят з прыкметамі захворвання ці слабейшых адразу ж пераводзіць у спецыяльныя клеткі-ізалятары, дзе ім наладжваецца асобнае кармленне, ветэрынарнае лячэнне. І праз тыдзень-другі «слабакі» вяртаюцца ў агульны гурт.

Дзякуючы менавіта такому падыходу да арганізацыі працэсу на стадыі дарошчвання даглядчыца да мінімуму зводзіць непрадукцыйнае выбыццё маладняку, атрымлівае высокія прывагі, якія пастаянна на 70-80 грамаў большыя, чым у сярэднім па комплексе.

Між іншым, пасля школы Л. Гламбоцкая выбрала для сябе прафесію агранома. Нават паступіла ў Лужаснянскі сельгастэхнікум, аднак па сямейных абставінах была вымушана адмовіцца ад вучобы. Крыху папрацавала прадаўцом, а затым пайшла ў жывёлаводы. Цяпер жа можна сказаць, што ў «Агравідзах» ужо склалася сямейная дынастыя Гламбоцкіх. Муж Людмілы працуе ветурачом на малочнатаварным комплексе «Відзы-Лаўчынскія», сын там жа займаецца наладкай і рамонтам абсталявання. Хутчэй за ўсё, да іх далучыцца і малодшы, які цвёрда вырашыў паступаць у мясцовы каледж, праўда, яшчэ не вызначыўся, якую прафесію абраць — трактарыста ці повара.

Сама ж Людміла, якая прывыкла быць лідарам калектыву, на правах жонкі і маці патрабуе такіх жа адносін да працы і ад сваіх мужчын.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.