ap-st.ru_

Падвоз школьнікаў працуе, але і праблемы ёсць

Калейдоскоп

ap-st.ru_Калісьці Міхаіл Ламаносаў, каб атрымаць адукацыю, прайшоў да Масквы больш за тысячу кіламетраў. Ды яшчэ 15 гадоў таму назад сельскія дзеці да школы дабіраліся на веласіпедах і пешшу. Бывала, гэтая дарога цягнулася да 10 км. Цяпер нават за адным вучнем у самую аддаленую вёску накіроўваецца школьны аўтобус.

На сённяшні дзень у аўтапарку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама налічваецца 18 спецыяльных транспартных сродкаў, якія падвозяць 765 дзяцей да 17 устаноў адукацыі. Як паведаміла інжынер па ахове працы гэтага аддзела Святлана Абалевіч, за дзень яны робяць 45 рэйсаў і праязджаюць каля 2 350 км. Падвозам ахоплены 131 населены пункт, у 68-мі з іх аўтобус забірае толькі аднаго ці двух вучняў.

Самы вялікі падвоз арганізаваны ў Відзаўскую СШ і Опсаўскі ДССШ, куды на вучобу прыязджаюць 167 і 138 дзяцей адпаведна. У Плюскі ДССШ аўтобусам дабіраюцца 17 хлопчыкаў і дзяўчынак, а ў Мяжанскі — толькі 9.

Вялікая ўвага, запэўніла С. Абалевіч, надаецца тэхнічнаму стану транспартнах сродкаў, ды і патрабаванні да вадзіцеляў даволі сур’ёзныя: працоўны стаж не меншы за тры гады і ніводнага правапарушэння на дарозе. Кожны дзень перад рэйсам вадзіцель абавязкова аглядае аўтобус і праходзіць медыцынскі агляд.

Расклад маршрутаў складаецца адпаведна заняткам і факультатывам. Таму адзін аўтобус можа рабіць некалькі рэйсаў: спачатку дамоў адвозіць малодшых школьнікаў, потым — старшакласнікаў. У абавязковым парадку з дзецьмі ездзіць настаўнік-суправаджаючы.

Пры ўсіх гэтых зручнасцях існуюць і праблемы. Першая, якую вызначаюць бацькі, — «дальнім» дзецям трэба даволі рана ўставаць і траціць на дарогу шмат часу. Другая — гэтыя ж вучні і дамоў вяртаюцца позна.

Аднак у школах створаны ўсе ўмовы, каб навучэнцы маглі з карысцю для сябе правесці час да і пасля ўрокаў : наведаць заняткі па інтарэсах ці факультатывы, спартыўныя секцыі ці проста выконваць дамашняе заданне. Усё гэта таксама праходзіць пад абавязковым наглядам настаўніка.

Цяжкасці з падвозам узнікаюць і тады, калі ламаецца аўтобус. У такім выпадку адміністрацыя ўстановы адукацыі ў тэрміновым парадку ўносіць карэктывы ў маршрут і тэлефануе бацькам.

Але асноўная праблема — складаныя дарогі да аддаленых вёсак. Звесткі пра ўсе маршруты, адзначыла С. Абалевіч, падаюцца ў адміністрацыю ДРСУ-142. І як паведаміў дырэктар гэтай арганізацыі Васілій Радчанка, іх дзяжурны і вадзіцелі школьных аўтобусаў заўсёды на тэлефоннай сувязі. Пры неабходнасці дарогі падсыпаюць і грэйдзіруюць.

Безумоўна, пытанняў і клопатаў з падвозам школьнікаў хапае. Але трэба разумець, што працэс аптымізацыі ўстаноў адукацыі спыніць немагчыма. Таму трэба прымяркоўвацца да сучасных рэалій.

■ Алена ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.