Гроня Міхайлаўна Ятульчык у свае 92 глядзіць на свет з зайздросным аптымізмам

Люди

1Гроня Міхайлаўна Ятульчык — карэнная жыхарка Казян. Яна нарадзілася ў 1926 годзе, правяла актыўнае жыццё і цяпер у свае амаль 92 гады глядзіць на свет з зайздросным аптымізмам.

— Бацька і маці сумленна працавалі на зямлі, я змагла атрымаць адукацыю — вучылася ў Паставах. Складана прыйшлося ў часы вайны: і страшна было, і згарэла сямейная хата… Вось, паглядзіце, гэта маё жыццё ў фатаграфіях, — жанчына дастае з шафы альбом і пачынае яго гартаць. — Я люблю пераглядаць здымкі, успамінаць маладыя гады, вяртацца ў мінулае.

Сямейны фотаальбом жанчыны захоўвае каля сотні фотакартак розных гадоў. Па іх можна прасачыць жыццёвы шлях Гроні Міхайлаўны, а з чорна-белых здымкаў глядзяць матуля, родныя, сяброўкі…

Вось яна з мужам. Ёй пашанцавала сустрэць годнага мужчыну і пражыць з ім шчаслівае жыццё. Мясцовы Іосіф, статны і прыгожы, абраў аптымістычную і працавітую Гроню з кагорты казянскіх дзяўчат і не памыліўся. Яна стала мужу надзейнай сяброўкай, дарадцай, сагравала пяшчотай сямейны ачаг, аберагала яго ад нягод, нарадзіла дзвюх прыгажунь-дачок. За хатнімі клопатамі паспявала сумленна працаваць у сферы абслугоўвання, была нават прызнана «Прадаўцом высокай культуры абслугоўвання пакупнікоў».

А на гэтых фотаздымках — вяселле дзяцей, унукі і праўнукі. Пра кожную фатаграфію Гроня Міхайлаўна можа расказаць гісторыю, узгадаць, калі фатаграфаваліся і з якой нагоды. Іх цікава разглядаць: бачыш, як мяняліся эпохі, адзенне…

— Слухаю навіны ўвесь час, гляджу тэлеперадачы, ведаю апошнія падзеі ў краіне, хаджу ў царкву, люблю пагутарыць з суседзямі. Ведаеце, якія ў меня добрыя суседзі?! Яны дапамогуць і словам, і справай, — кажа жанчына.

Гроня Ятульчык — шчаслівая маці. Дзеці, хоць і жывуць у Мінску, але часта прыязджаюць. Любяць бываць у бабулі ўнукі і праўнукі. А сама яна, нягледзячы на паважаны ўзрост, валодае добрай памяццю, гумарам і заўсёды ў аптымістычным настроі.

— Будзем жыць, — кажа на развітанне жанчына, — не падвяло б толькі здароўе!

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *