5

Аляксандр Прымачук: 43 гады пад зямлей

Власть и общество Люди

5У школах поўным ходам ішлі выпускныя экзамены, аднакласнікі Сашы Прымачука ў свабодныя часы актыўна дзяліліся паміж сабой сваімі планамі на будучыню, а ён жа заставаўся ў баку ад тых размоў, бо з выбарам будучай прафесіі яшчэ так і не вызначыўся. Чаму так адбывалася, ён і сёння сказаць не можа. Неўзабаве на вочы яму трапілася «Настаўніцкая газета», якую выпісвала маці, ды хлопец рэдка ў яе заглядваў, а тут разгарнуў і ўбачыў аб’яву пра набор навучэнцаў у ПТВ шахцёраў. Паколькі знаходзілася яно ў горадзе Свярдлоўску Луганскай вобласці (не блытаць з цяперашнім Екацярынбургам), то з-за боязі, што бацькі не адпусцяць так далёка, дакументы накіраваў цішком ад іх. Прызнаўся ж толькі пасля таго, як атрымаў выклік на вучобу.

Свой першы спуск у вугальную шахту Аляксандр памятае, бы гэта было ўчора. Страху пры спуску ў клеці на кіламетровую глыбіню не адчуваў. Уразіў сам забой, дзе па транспарцёры ішоў на гара вугаль, снавалі грузавыя і пасажырскія электракары, пастаянна туды-сюды кудысьці спяшаліся шахцёры, а са столі назойліва капала вада.

Тры гады А. Прымачук у шахце імя Валадарскага працаваў горнарабочым ачыснога забою: бурыў у пластах нішы для далейшай іх выпрацоўкі. А ў 1977 годзе бацькі паведамілі, што яго спецыяльнасць машыніста горназдабываючых машын запатрабавана на шахтах Салігорскага калійнага камбіната. І малады шахцёр перабраўся ў горад беларускіх калійшчыкаў, дзе і адпрацаваў 40 гадоў, спачатку, як і на вугальнай шахце, горнарабочым забою, а затым машыністам горнавыемачнай машыны.

Звычайна, калі па тэлевізары паказваюць работу шахцёраў, то ў кадр, як правіла, трапляе транспарцёр з дабытай пародай і ўрубачны камбайн. Думаў, што гэта і ёсць той самы агрэгат, на якім працаваў Аляксандр. Аказалася, усё зусім не так. Машыніст горнавыемачнай машыны не едзе па ёй у забоі.

Гэты 14-метровы агрэгат рухаецца, выбіраючы справа ці злева пласт пароды, а за ім на каленьках (бо выбіраемая вышыня пароды 80-90 см) з пультам кіравання ў руках паўзе машыніст. І так усю шасцігадзінную змену, на працягу 43-х гадоў. Гэтая звычка стала прыкметнай і ў паўсядзённых паводзінах Аляксандра. Варта з ім пачаць размову на вуліцы, ён хутка прысядае на кукішкі — не можа доўга стаяць нерухома.

Параўноўваючы работу ў вугальнай і калійнай шахтах, мой суразмоўца расказваў, што апошняя больш бяспечная: выдзяляе менш пылу, прымяняецца больш надзейны крапеж. Пасля таго, як Беларусь набыла незалежнасць, бяспечным умовам працы пачала надавацца асаблівая ўвага, да 2-х тысяч долараў у эквіваленце вырасла зарплата. Двухпакаёвую кватэру ж атрымаў яшчэ ў савецкія часы, праз 6 гадоў пасля пачатку работы. Мог пайсці на няпоўную пенсію праз 20 гадоў стажу ў забоі, аднак, як сам гаварыў, пасля рабочай зарплаты пенсіі хапала б толькі на харчаванне. Таму працаваў, як кажуць, да апошняга.

Летам гэтага года ж былы шахцёр канчаткова перабраўся ў Браслаў і ўсяго сябе прысвячае сям’і, асабліва маленькай дачушцы Паліне.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.