Новы Запавет, перакладзены на сучасную беларускую мову

Калейдоскоп

3723101d81d176cb112be48df7a71ca3У Беларусі адбылася знамянальная падзея — да юбілею выдання Францыскам Скарынам першай кнігі Бібліі Беларуская Праваслаўная Царква выдала Новы Запавет, перакладзены на сучасную беларускую мову са старажытнагрэчаскага арыгіналу.

Да сённяшняга дня ні адзін з раней зробленых падобных перакладаў не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, бо ўсе яны былі аўтарскімі, ажыццяўляліся з перакладаў, якія былі зроблены раней, і не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі.

«Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» — плён карпатлівай навуковай і перакладчыцкай працы членаў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царк- вы. Праваслаўныя багасловы і філолагі распачалі яе 25 гадоў таму назад у супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам. Яны ўважліва аналізавалі і ўлічвалі ранейшыя спробы перакладу Святога Пісання на беларускую мову.

Прэзентацыя «Новага Запавету Госпада нашага Iiсуса Хрыста», арганізаваная Выдавецкім саветам БПЦ і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, адбылася ў сталіцы ў сярэдзіне лістапада. Мерапрыемства ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, таксама ўдзел у прэзентацыі прынялі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, духавенства БПЦ, кіраўнікі і прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, кіраўнікі, выкладчыкі і навучэнцы духоўных школ і свецкіх вышэйшых навучальных устаноў.

Мітрапаліт Павел падкрэсліў, што пераклад Новага Запавету на сучасную літаратурную беларускую мову, выкананы на высокім прафесійным узроўні, з’яўляецца падзеяй агульнанацыянальнага маштабу. Архіпастыр выказаў сардэчную падзяку ўсім, хто працаваў над перакладам, тым самым працягваючы ў ХХІ стагоддзі асветніцкую місію роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, беларускага першадрукара Францыска Скарыны, і ўручыў узнагароды членам Біблейскай камісіі.

Удельнікі мерапрыемства адзначылі, што выданне тэкстаў Святога Пісання Новага Запавету ў перакладзе на сучасную беларускую мову мае агульнанацыянальнае і гістарычнае значэнне. Яно будзе аказваць станоўчы ўплыў на маральны стан нашага грамадства, літаратуру, мову, культуру і паслужыць умацаванню духоўных асноў грамадства і дзяржавы.

Кніга надрукавана накладам 6 тысяч асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні. З іх 500 — падарункавыя, у скураной вокладцы з залатым абрэзам. Тэкст надрукаваны ў дзве фарбы, маюцца графічныя застаўкі з традыцыйнымі для кожнай з кніг Новага Запавету сюжэтамі.

■ Падрыхтавала Жанна БЯЛЬКО.