Максім Чагарын пра вынікі сельскагаспадарчага года

Главное

У працаўнікоў сельскай гаспадаркі лістапад лічыцца месяцам заканчэння палявых работ, у якім падводзяцца папярэднія вынікі ўсяго года, вызначаюцца планы на будучы. І менавіта ў лістападзе аграрыі адзначаюць сваё прафесіянальнае свята. З віншавальнымі словамі да працаўнікоў сяла звяртаецца першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарча Максім Чагарын.IMG_8967

— Вось і завяршаецца чарговы сельскагаспадарчы год, які запатрабаваў ад нас вялікіх намаганняў, арганізаванасці і дысцыпліны.

Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, вы здолелі вырасціць і сабраць больш збожжа і рапсу, чым у папярэднім годзе, у поўным аб’ёме выканалі дзяржзаказ па іх пастаўках. Зроблены і пэўны задзел ураджаю збожжавых і крыжакветных культур на будучы год.

Нямала ўвагі на працягу года ўдзялялася рамонту і рэканструк- цыі жывёлагадоўчых памяшканняў, добраўпарадкаванню прыфермскіх тэрыторый, стварэнню больш камфартабельных умоў працы. У выніку дасягнуты больш высокія паказчыкі і ў жывёлагадоўчай галіне — асноўнай крыніцы даходаў нашых гаспадарак.

Усе гэтыя станоўчыя вынікі забяспечвалі людзі, якія на кожным вытворчым працэсе з’яўляюцца асноўнай рухаючай сілай, бо менавіта ад іх умення і старання залежаць ураджай, надоі і прывагі.

Сёлета, напрыклад, 4 камбайнеры з СВК «Маяк Браслаўскі» — Віктар Ваштаевіч, Міхаіл Іваноў, Васіль Кажоха і Іван Кульпа — намалацілі больш як па тысячы тон зерня. Увогуле добрасумленна папрацавалі на жніве камбайнеры і вадзіцелі на адвозцы зерня, механізатары на веснавой і восеньскай сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, а на фермах — аператары машыннага даення, па дарошчванні і адкорме маладняку БРЖ і свіней.

Глыбока ўдзячны ўсім тым, хто сваёй працай забяспечваў харчовую бяспеку, умацоўваў эканоміку раёна. Гэтыя людзі сёння і атрымаюць заслужаныя ўзнагароды.

Па выніках работы за 9 месяцаў у чатырох сельгаспрадпрыемствах палепшылася плацежаздольнасць, на адно знізілася колькасць стратных.

Выказваю шчырую ўдзячнасць рабочым і служачым шэфскіх арганізацый і ўстаноў, якія аказалі пасільную дапамогу ў правядзенні палявых работ, уборцы ўраджаю, падрыхтоўцы да зімы, рамонце аб’ектаў жывёлагадоўлі, добраўпарадкаванні тэрыторый сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Дасягнутыя вынікі не мяжа, бо задачы перад галіной ставяцца больш маштабныя і адказныя. Ужо сёння намі ўзяты курс на інтэнсіўнае земляробства, нарошчванне вытворчасці прадукцыі раслінаводства не за кошт пашырэння пасяўных плошчаў, а шляхам удасканалення тэхналогій.

У ліку першачарговых задач — арганізаванае правядзенне зімоўкі жывёлы, нарошчванне яго пагалоўя і прадукцыйнасці, падрыхтоўка тэхнікі і насеннага матэрыялу да веснавых палявых работ.

Абавязковае захаванне тэхналагічных рэгламентаў у вытворчасці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі, высокая працоўная і выканаўчая дысцыпліна на кожным рабочым месцы, напружаная праца кіраўнікоў і спецыялістаў, усіх працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў дазволяць без значных фінансавых укладанняў павялічыць выхад таварнай прадукцыі, а з ёй і забяспечыць больш важкія прыбыткі.

Паважаныя калегі! Ад усяго сэрца віншую вас з прафесіянальным святам! Моц- нага вам здароўя, дабрабыту і дастатку, невычарпальнай энергіі, міру і дабрыні!