ААТ «Друйскі» — валаўтвараючая гаспадарка малочнага накірунку

Люди Экономика и финансы

ААТ «Друйскі» — валаўтвараючая гаспадарка малочнага накірунку. У распараджэнні сельгаспрадпрыемства 7 181 га сельгасугоддзяў, 4 101 з якіх — ворыўныя землі. Грамадскі статак налічвае 3 340 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1 072 каровы. Па вытворчых паказчыках хлебаробы і жывёлаводы акцыянернага таварыства зорак з неба не хапаюць, аднак устойліва ўтрымліваюцца на ўзроўні сярэднераённых паказчыкаў, а значыць, і маюць перспектыву росту, умацавання эканамічнага становішча. Сваім бачаннем далейшай жыццядзейнасці гаспадаркі з «Браслаўскай звяздой» падзяліўся дырэктар ААТ Аляксандр Бялюн:

IMG_5721— Азіраючыся на пражыты сельскагаспадарчы год, скажу, што ён наладзіў нашым хлебаробам не толькі жорсткае выпрабаванне экстрэмальнымі ўмовамі надвор’я, а і навучыў многаму. І ў першую чаргу прымусіў мяне як кіраўніка больш сур’ёзна задумацца пра аптымізацыю пасяўных плошчаў, прывядзенне іх структуры ў адпаведнасць з матэрыяльна-тэхнічнымі магчымасцямі гаспадаркі.

Усе апошнія гады без малога палову ворыўных зямель, а канкрэтней, 1 780 гектараў, мы засявалі збожжавымі і зернебабовымі культурамі, каб мець больш канцэнтратаў для жывёлагадоўчай галіны. Пры гэтым ураджайнасці высокай не мелі. У некаторыя гады яна была нават ніжэйшай за сярэднераённую. Сёлета ж ураджай на карані стаяў на ўзроўні 24-25 цэнтнераў з гектара, а з участкаў, дзе папярэднікам была кукуруза, намалочвалі па 30-40 ц з га. Аднак усё ўбраць не паспелі. Першая затрымка здарылася на пасевах ячменю з падсевам шматгадовых траў. Апошнія перараслі злак, чым і замарудзілі ход уборкі. Затым пайшлі дажджы, зерне пасыпалася, а з ім і агульная ўраджайнасць.

Прыкладна такая ж сітуацыя склалася і з кукурузай. Нягледзячы на тое, што гэтай вясной яе пасевы скарацілі, аднак якасна ўбраць не змаглі.

Зыходзячы з урокаў, паднесеных сёлетнім надвор’ем, прыходжу да высновы, што пры цяперашняй магутнасці камбайнавага парку можам убіраць у самыя сціслыя тэрміны з мінімальнымі стратамі не больш за 1,5 тыс. га збожжавых і зернебабовых. Пры гэтым не падсейваючы яравыя шматгадовымі травамі. Так і зробім. На 70 гектараў зменшыцца і плошча пад кукурузу. Замест гэтых культур у першую чаргу плануецца павялічыць пасевы азімага і яравога рапсу. У дадатак восенню паспелі заняць 50 га азімай сурэпіцай. Разлічваю, што гэтая культура, якую пасеялі першы раз, займе пастаяннае месца ў севазвароце. Крыжакветныя — гэта не толькі дарагое насенне, а і шрот для абагачэння канцэнтратаў. Напрыклад, сёлета, пры ўсіх капрызах надвор’я, намалацілі 259 тон насення рапсу. Атрыманых грошай хапіла на пагашэнне авансаў, узятых не толькі пад гэтую культуру, а і пад збожжавыя, ды яшчэ і засталося.

Яшчэ адна далёка не вычарпаная крыніца папаўнення рацыёну жывёлы раслінным бялком — пашырэнне плошчаў бабовых траў у чыстым выглядзе. На першы план выводжу люцэрну і канюшыну. Цяпер у нас іх толькі 193 і 329 гектараў адпаведна. Насення для веснавога падсеву іх па ўсёй той плошчы азімых, якую паспелі заняць гэтай восенню, хапае. Значыць, абавязкова пашырым структуру гэтых культур.

Плануюцца пэўныя змяненні і ў жывёлагадоўчай галіне. Апошнія 2 гады мы сур’ёзна займаліся рэканструкцыяй ферм, наладзілі выпас цялушак на выгараджаных пашах. Аднак паступова падкрадваецца недахоп людскіх рэсурсаў і перш за ўсё аператараў машыннага даення. Таму, каб адрамантаваныя памяшканні не пуставалі, будзем нарошчваць мясное пагалоўе. Ужо сфарміраваны і пакрыты семем мясных парод гурт у 100 галоў. Ёсць магчымасць нарасціць гэтае пагалоўе ўдвая, чым і займаемся.

Падсумоўваючы ўсё сказанае, прыходжу да вываду: ранейшыя падыходы да арганізацыі вытворчасці сельгаспрадукцыі перасталі быць эфектыўнымі. Пара сур’ёзна брацца за перакройку структуры пасяўных плошчаў, шукаць новыя падыходы да жывёлагадоўчай галіны, зыходзячы з рэалій на рынках збыту.

■ Запісаў Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.