Што ядуць у школах і садках нашы дзеці

Здоровье

Не сакрэт, што нашы дзеці часта злоўжываюць чыпсамі, фаст-фудам, сухарыкамі, цукеркамі і іншай не вельмі карыснай ежай. А гэта, як сведчыць медыцынская статыстыка, прыводзіць да шэрага разнастайных захворванняў. Таму ва ўстановах адукацыі рацыянальнаму харчаванню надаецца значная ўвага.

Zavtrak-dlya-shkolnika-300x150Як сёння вырашаюцца пытанні гэтай важнай тэмы ў школах і дзіцячых садах раёна, расказала тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ніна Крылоўская.

— Важна не толькі, каб нашы дзеці былі сытыя, — кажа Ніна Міхайлаўна, — але і каб яны атрымлівалі з ежай неабходныя мінеральныя рэчывы, бялкі і вугляводы. Таму арганізацыя рацыянальнага харчавання школьнікаў і выхаванцаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашага аддзела. І на сённяшні дзень існуе збалансаваная сістэма харчавання, якая забяспечвае даступнасць паслуг для ўсіх навучэнцаў раёна.

У гэтым навучальным годзе ў 16 установах адукацыі раёна навучаецца 2 440 школьнікаў, з іх гарачым харчаваннем ахоплены 99,8 %: за кошт бюджэтных сродкаў — 79,6 %, бацькоўскіх — 20,4 %, чатыры вучні навучаюцца дома. Кошт абедаў залежыць ад узросту дзяцей: 1,10 руб. у малодшых і сярэдніх класах і 1,33 руб. — у старэйшых.

Бясплатным харчаваннем забяспечаны навучэнцы з сельскай мясцовасці, дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сямей, вучні 1 — 4 класаў і тыя, хто жыве ў прышкольных інтэрнатах.

Усе 798 выхаванцаў устаноў дашкольнага навучання раёна ахоплены трохразовым харчаваннем, а дзеці, якія наведваюць санаторную групу ў яслях-садзе № 1, — чатырохразовым. Кошт дзетадня выхаванцаў ад года да двух каштуе 1,87 руб., ад трох да шасці — 2,37 рублёў.

Па словах Н. Крылоўскай, гарачае харчаванне адпавядае прыкладным двухтыднёвым рацыёнам. Яны распрацоўваюцца з улікам фізіялагічных патрэбнасцей, асноўных харчовых рэчываў і іх энергетычнай каштоўнасці, дыферэнцыраваны па ўзросце і з улікам сезоннасці, працягласці знаходжання ў школе, разнастайнасці і спалучэння харчовых прадуктаў, працаёмкасці гатавання страў. Абавязкова ў рацыён школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў уваходзіць садавіна і гародніна. Увесь год праводзіцца С-вітамінізацыя гатовых страў у адпаведнасці з нормамі, вызначанымі Міністэрствам аховы здароўя.

Каб купляць прадукты без гандлёвай надбаўкі, аддзел адукацыі, спорту і турызму заключыў прамыя дагаворы з вытворцамі.

Многія школы для змяншэння кошту харчавання вырошчваюць бульбу і гародніну на прышкольных участках ці атрымліваюць бясплатную дапамогу ад шэфаў. Сёлета, напрыклад, для школьных сталовых закладзена 46,1 т бульбы, 10 т агародніны і 0,5 т яблыкаў.

Якасць прадукцыі ў школьных сталовых і садах, выкананне санітарных норм, правілаў і гігіенічных нарматываў з устаноўленай перыядычнасцю кантралюе раённая санітарная служба. Па выніках лабараторных даследаванняў парушэнняў і адхіленняў ад устаноўленых норм не выяўлена.

Для таго, каб выхаваць у дзяцей навыкі правільнага харчавання, ва ўсіх установах адукацыі раёна праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Але і бацькі ў сваю чаргу павінны ўдзяляць гэтаму пытанню значную ўвагу.

■ Алена ПЯТУШКА.