У чым сутнасць сучаснага подзвігу

Калейдоскоп

1Магчыма, пад подзвігам многія разумеюць гераічныя ўчынкі і перамогі ў баях. Але змяняецца час і людзі, а разам з імі і адносіны да подзвігу. І сёння гэта значыць быць карысным для грамадства, рухацца наперад, імкнуцца да самаўдасканалення.

Кіруючыся гэтым меркаваннем, настаўніца гісторыі Відзаўскай СШ Ірына Панятоўская пры падтрымцы адміністрацыі школы прадставіла на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Жаночы подзвіг у гісторыі Беларусі. 1917 — 2017 гады» свой праект «Аліна Іванаўна Насыр — педагог, краязнаўца, фалькларыст».

Мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел госці з Беларусі, Расіі і Літвы, праходзіла ў Віцебскай абласной бібліятэцы. На маё пытанне, што падштурхнула педагога звярнуцца менавіта да гэтай тэмы, І. Панятоўская адказала:

— Ці магчыма назваць подзвігам жыццё і дзейнасць простага сельскага настаўніка? Безумоўна. Калі ён яшчэ краязнаўца, фалькларыст, збіральнік мясцовых абрадаў і традыцый, музычны кіраўнік у праваслаўнай школе і вакальнай групе, да таго прыветлівы і добразычлівы чалавек. А.Насыр аб’яднала любоў да дзяцей, музыкі, мастацтва ў адзінае цэлае і вучыць выражаць свае пачуцці і эмоцыі праз музычнае мастацтва.

Асновай у яе рабоце з’яўляецца выхаванне ў вучняў любові да радзімы, павага да продкаў, веданне сваіх каранёў праз песню. Такі падыход да раскрыцця сучаснага подзвігу відзаўскай настаўніцы быў высока адзначаны арганізатарамі і ўдзельнікамі канферэнцыі. Таму работа ўвойдзе ў аднайменны абласны зборнік. Бо гэта так важна — убачыць і ацаніць у дзейнасці на першы погляд звычайных людзей штодзённае імкненне, накіраванае на агульную карысць, на ўчынкі, якія робяць свет больш добрым і яркім.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.