Малады ўрач-хірург браслаўскай паліклінікі Андрэй Янчэўскі пра выбар прафесіі не шкадуе

Люди

1Самае важнае для маладога спецыяліста любой прафесіі — гэта ўдала працаўладкавацца і трапіць у добразычлівы калектыў.

Урачу-хірургу браслаўскай паліклінікі Андрэю Янчэўскаму ў гэтым плане вельмі пашчасціла. Сваю прафесійную дзейнасць ён пачаў ва ўстанове аховы здароўя, якую добра ведае з дзяцінства, бо не адзін дзясятак гадоў тут працуе медсястрой яго маці. Яшчэ маленькім хлопчыкам Андрэй прыходзіў да яе на работу. Таму не дзіўна, што пасля заканчэння школы юнак паступіў у Віцебскі медуніверсітэт.

За плячыма засталіся гады вучобы і інтэрнатура, якую будучы ўрач праходзіў у раённай бальніцы пад кіраўніцтвам намесніка галоўнага ўрача Браслаўскай ЦРБ, кандыдата медыцынскіх навук Яўгена Матусевіча і загадчыка хірургічнага аддзялення Вадзіма Кавалёнка. Дзякуючы гэтым вопытным настаўнікам А. Янчэўскі спасцігаў практычныя навыкі хірургіі. І вось ужо тры месяцы ён самастойна прымае пацыентаў і адказвае за іх здароўе.

— У калектыве сустрэлі прыветліва, — кажа малады спецыяліст, — адчуваю падтрымку сваіх старэйшых калег, за што ім шчыры дзякуй. Заўсёды магу звярнуцца да іх па любым пытанні і атрымаць слушную параду ці кампетэнтную дапамогу.

Пакуль што кардынальных планаў А. Янчэўскі не будуе. Галоўнае, лічыць ён, сваёй добрасумленнай працай штодзень палягчаць пакуты і боль пацыентаў.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.