Народны тэатр Браслаўскага РЦК прэзентаваў «Паўлінку»

Акции, конкурсы, выступления Калейдоскоп

Новую пастаноўку па матывах п’есы Янкі Купалы «Паўлінка» браслаўчанам прэзентаваў народны тэатр Браслаўскага РЦК 7 лістапада.4

Калектыў самадзейных артыстаў упершыню паказаў спектакль некалькі тыдняў таму назад падчас удзелу ў Днях беларускай культуры ў Латвіі. Аднак удзельнікам тэатра хацелася б, каб іх старанні ацанілі родныя, сябры і жыхары Браслава. Тым больш што дома і сцены дапамагаюць.

2

Да прэм’еры рыхтаваліся адказна: рэпетыцыі кожны вечар, падрыхтоўка дэкарацый і рэквізіту. З апошніх спектакляў, пастаўленых народным тэатрам, гэта, напэўна, самы сціплы па колькасці задзейнічаных акцёраў. Так, Святлана Кажапенька пераўвасобілася ў Паўлінку, Канстанцін Каралевіч — у Якіма Сароку, Яўген Набееў і Святлана Лапыр — у Сцяпана і Альжбету Крыніцкіх, Ганна Лявіцкая і Яўген Шэін — у Агату і Пранціся Пустарэвічаў, Віталь Кавалеўскі — у Адольфа Быкоўскага. На сцэне дзейства перамяжоўвалася іскрамётнымі беларускімі танцамі і сакавітымі прыпеўкамі. Дарэчы, трэба аддаць належнае мастаку-афарміцелю Марыне Рачынскай, дзякуючы якой удзельнікі не ігралі, а жылі ў сапраўднай сялянскай хаце.3

Падчас спектакля гледачы не раз смяяліся з жартаў персанажаў, іх паводзін, а таксама спачувалі галоўнай гераіні. На сцэне ж самадзейныя артысты ігралі з поўнай самааддачай і натхненнем. Відавочна, што са сваімі вобразамі яны справіліся выдатна, бо гледачы не з першага разу пазналі, хто выконвае пэўную ролю, а фінальны выхад сустракалі стоячы і бурнымі апладысментамі.

■ Аліна БРАС.

Фота аўтара.