Вяровачны парк у Браславе ўжо працуе

Новости

Нават непагадзь не спыніла аматараў актыўнага адпачынку, якія сабраліся ў мінулую суботу ў гімназіі на адкрыццё вяровачнага парка. З маладым запалам яны прынялі ўдзел у спартыўным свяце.verevki

Падтрымаць школьнікаў завіталі на ўрачыстасць намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Галіна Караткова і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч.

Першай з прывітальным словам да прысутных звярнулася дырэктар гімназіі Людміла Каптур. Яна нагадала, што вяровачны парк пабудаваны ў рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Праз актыўны адпачынак і спорт да здароўя» праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца праграмай развіцця ААН у Беларусі. Л. Каптур сардэчна падзякавала мясцовай уладзе і партнёрам ініцыятывы за іх арганізацыйную, маральную і фінансавую падтрымку.

Пасля невялікага канцэрта старт спаборніцтвам даў іх галоўны суддзя Вячаслаў Кроп. У першынстве ўдзельнічалі 8 каманд школ раёна. Пад наглядам інструктараў хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае фізічныя здольнасці і спрыт. Самыя лепшыя з іх былі адзначаны дыпломамі і памятнымі сувенірамі.

verevki0
Цяпер можна смела казаць, што ў самым цэнтры нашага горада з’явіўся новы цікавы аб’ект для актыўнага адпачынку. І ёсць магчымасць наведвацца ў вяровачны парк, каб атрымаць порцыю адрэналіну і бадзёрага настрою.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.