Cямейная пара з Медзюкоў Пётр і Яніна Друсі адзначыла ізумруднае вяселле

Люди

Літаральна тыдзень таму назад рэдкі юбілей — ізумруднае вяселле — адзначыла вядомая на Браслаўшчыне сямейная пара з Медзюкоў Пётр і Яніна Друсі. (Хто ж не ведае Друсёвы лыжкі! Аднак нагода іншая.) Вось ужо 55 гадоў муж і жонка жывуць разам і дзеляць усе радасці і беды на дваіх. Напярэдадні такой знамянальнай даты мы пабывалі ў ізумрудных юбіляраў і спыталі, як гэта — пражыць разам больш за паўвека.22

— А звычайна, — адказваюць муж і жонка і літаральна з парога раскрываюць сакрэт сямейнага даўгалецця: — Проста трэба любіць свайго бліжняга, уступаць адзін аднаму. А калі адступіць ад гэтых важных правілаў грамадства, то ўсё — пішы прапала.

Пра сваё жыццё Пётр і Яніна Друсі расказваюць неяк лёгка і натуральна. Кажуць, час быў іншы, усё было зразумела і проста. Мабыць, таму, вярнуўшыся з арміі, Пётр Вікенцьевіч ведаў, што трэба шукаць нявесту і абзаводзіцца сям’ёй. Знамянальная сустрэча адбылася хутка. Маючы добрыя артыстычныя здольнасці, хлопец заўсёды прымаў удзел у самадзейнасці, і тут у школе трэба было дапамагчы з канцэртам. Яніна ж была яшчэ школьніцай, калі паміж імі зарадзілася першая сімпатыя. Узгадвае, шустрая была — барані бог.

— Вяселле сваё памятаем, чаму ж не памятаць. Шэра было і брудна пад нагамі, вось як цяпер. Але ўжо да маладой ехаў не на конях, а на «Газоне».

— Ага, — дадае Яніна Францаўна, — чакаючакаю, а яго ўсё няма, не спяшаўся.

— Дык забуксавалі ж, — апраўдваецца Пётр Вікенцьевіч. — Рыхтаваліся на месцы. У КБА тут, у Опсе, шылі мне касцюм і кашулю. Усё па традыцыях было: абрады, музыкі вясковыя, сваты і самагоначка (усміхаецца).

Пасля вяселля пачаліся сямейныя клопаты: маладыя перабудоўвалі хату, абзаводзіліся гаспадаркай. Потым нарадзіліся амаль адзін за адным сыны, праз 10 гадоў — дачка. Жылі і жылі, бацькі дапамагалі гадаваць дзяцей, самі ж шчыра працавалі.

Праца ў біяграфіі гэтай сям’і — важны і важкі кавалак жыцця. Мабыць, таму часта наша гаворка пераскоквае на гэту тэму. Але як інакш, калі муж і жонка жылі аднымі праблемамі і памкненнямі. Пётр Вікенцьевіч працаваў у клубе і ў школе, Яніна Францаўна — у бібліятэцы. Разам яны ўдзельнічалі амаль ва ўсіх значных мерапрыемствах у раёне і не толькі. З настальгіяй П. Друсь узгадвае, як працаваў поплеч з Валянцінай Вашчанка, Алай Клімовіч, Іванам Шымко, Любоўю Янушэўскай. Непасрэднае дачыненне ён мае і да стварэння знакамітага народнага хору. Я. Друсь была не толькі бібліятэкарам, але яшчэ і выдатнай касцюмершай. Так падшыць, адпрасаваць магла толькі яна. Часта самадзейныя артысткі звярталіся да яе і як да цырульніка.

— Час усё ж такі быў іншы. Весела было, людна. Прысутнічала нейкае натхненне, калі хочаце, агульная ідэя. Опса гудзела: школа, сельпа, КБА, мерапрыемствы, канцэрты. Некаторыя і з дзецьмі на рэпетыцыі прыходзілі — і нічога, выраслі ўсе годнымі людзьмі.

Дарэчы, і дзеці Друсей бацькоў не падвялі. Старэйшы Пётр працуе ў гаспадарцы механізатарам, камбайнерам. Валерый — будаўнік, будаваў бальніцу і гімназію, мае нават узнагароды за ўзвядзенне некаторых аб’ектаў. Ганна падалася ў медыцыну, шмат гадоў працавала на ФАПе, цяпер — у туберкулёзным рэабілітацыйным цэнтры. Адвучыліся і працуюць ужо ўнучкі. Ёсць у Друсей і праўнучкі.

Цяпер жыццё ізумруднай пары размеранае. З гаспадаркі — сабакі ды любімыя каты. Пётр Вікенцьевіч працягвае выразаць свае знакамітыя лыжкі, а Яніна Францаўна падтрымлівае шматгадовае захапленне мужа. Гледзячы на іх, разумееш: чым даўжэй людзі жывуць разам, тым больш мацнее іх першаснае пачуццё. З гадамі сціраюцца ўсе крыўды, і часам мужу і жонцы становяцца непатрэбнымі словы, каб зразумець адзін аднаго. Гэта сапраўдная каштоўнасць — поўнае ўзаемаразуменне. Дасягнуць такога ўдаецца далёка не кожнай пары.

■ Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.