Пасвячэнне маленькіх выхаванцаў у музыканты

Калейдоскоп

Па-сямейнаму цёплай і добрай атрымалася ўрачыстасць у дзіцячай школе мастацтваў, зладжаная ў гонар пасвячэння маленькіх выхаванцаў у музыканты.1

Сёлета вывучаць таямніцы нотнай граматы пажадалі 53 хлопчыкі і дзяўчынкі. Амаль усе яны са сваімі бацькамі, бабулямі і дзядулямі прыйшлі ў РЦК, каб праз ужо добрую традыцыю пасвячэння далучыцца да дружнай і творчай сям’і музыкантаў. З хваляваннем новае папаўненне падымалася на сцэну для віншавання і ўручэння сімвалічных памятных медалёў. Але, каб іх атрымаць, трэба было разгадаць загадкі і прадэманстраваць, чаму юныя музыканты паспелі навучыцца за два месяцы. Дарэчы, заданне было выканана, як кажуць, на раз-два — і медалі заблішчалі на грудзях у кожнага.

2З добрым настроем і непадробнай цікавасцю першакласнікі назіралі за сваімі старэйшымі сябрамі і настаўнікамі: яны літаральна лавілі кожны іх рух на інструментах падчас святочных нумароў канцэрту. Сімвалічнымі сталі і словы фінальнай песні «Жыві»: «Цяпер ты адзін з нас».

■ Тэкст і фота Веры БУЛАНАВАЙ.